А вось апынуўшыся на страсе школьнай сталовай і не здолеўшы патлумачыць як такое адбылося, Гары патрапіў у вельмі цяжкае становішча. Дадлі са сваёй бандай, як звычайна, ганяўся за ім, і раптам - для Гары гэта апынулася не меншай неспадзеўкай, чым для ўсіх астатніх - Гары ўжо сядзеў на трубе. Сямейства Дурслі атрымала вельмі незадаволены ліст ад класнай кіраўніцы, які сведчыў, што хлопчык выяўляе ў вышэйшай ступені падазронае імкненне да даследавання стрэх школьнага будынка. А хлопчык усяго толькі (як ён спрабаваў патлумачыць дзядзьку Вернану праз зачыненыя дзверы каморы) жадаў заскочыць за смеццевыя бакі, што стаялі за сталовай. Гары меркаваў, што вецер, пэўна, быў занадта моцны і падхапіў яго ў паветры.

Але сёння не павінна было здарыцца нічога дрэннага. Можна было нават змірыцца з прысутнасцю Дадлі і Пірса, дзеля задавальнення правесці дзень не ў школе, і не ў каморы, і не ў капуснай гасцінай місіс Фігг.

Кіруючы машынай, дзядзька Вернон адначасова скардзіўся цётцы Пятунні. Ён наогул любіў паскардзіцца. Падпарадкаваныя, Гары, мясцовая рада, Гары, банк, Гары - вось толькі некаторыя з яго ўпадабаных тэм. Аднак сёння галоўнай прэтэнзіяй апынуліся матацыклы.

 - … носяцца як маньякі, хуліганы чортавы, - прагыркаў ён, калі паблізу прамчаўся байкер.

- А я ў сне бачыў матацыкл, - раптам успомніў Гары, - ён лётаў.

Дзядзька Вернон ледзь не ўрэзаўся ў машыну наперадзе. Ён рэзка абярнуўся і закрычаў, тварам нагадваючы гіганцкі бурак з вусамі:

- МАТАЦЫКЛЫ НЕ ЛЁТАЮЦЬ!

Дадлі з Пірсам хрукнулі.

- Я ведаю, што не лётаюць, - пагадзіўся Гары. - Гэта ж быў сон.

Ён ужо пашкадаваў, што загаварыў аб гэтым. Калі і было на свеце нешта, больш ненавіснае яго сваякам, чым пытанні, якія ён задаваў, дык гэта яго гутаркі аб чымсьці, што паводзіла сябе не так, як след, і ўсё адно, было гэта ў сне або ў мультфільме - ім падавалася, што ў яго з'яўляюцца небяспечныя думкі.



22 из 245