Субота выдалася на рэдкасць сонечнай, і ў заапарку было шмат народу. Дадлі і Пірсу купілі па вялікім шакаладным марозеве, а потым – з тае прычыны, што ўсмешлівая прадаўшчыца паспела спытаць Гары, чаго ён жадае, раней, чым яго адцягнулі ад латка - Дурслі прыйшлося і яму купіць садавінны лёд. Таксама нядрэнна, вырашыў Гары, аблізваючы лёд і назіраючы за гарылай, якая часала галаву і якая нагадвала Дадлі, хіба што апошні быў бландын.

Гэта была лепшая раніца ў жыцці Гары. Ён увесь час памятаў, што трэба трымацца крыху ўбаку ад астатніх, каб Дадлі і Пірс, якім заапарк ужо пачаў надакучваць, не замануліся б звярнуцца да свайго ўлюблёнага занятку і не пачалі б яго піхаць. Яны паабедалі ў рэстаране ў заапарку і, калі Дадлі ўчыніў скандал, сцвярджаючы, што ў дэсерце, які зваўся "Паласатая панчоха", зверху пакладзена занадта мала марожанага, дзядзька Вернон купіў яму іншую порцыю, а Гары дазволілі даесці першую.

Гары думаў, пасля, што ўсё было занадта добра і проста не магло працягвацца доўга.

Пасля абеду яны адправіліся ў тэрарыўм. Там было цёмна, прахалодна, і ўздоўж сценаў цягнуліся шэрагі асветленых вітрын. За шклом, між камення і бярвення, поўзалі і выгіналіся разнастайныя змеі і яшчаркі. Дадлі з Пірсам імкнуліся ўбачыць вялізных атрутных кобр і тоўстых пітонаў, здольных задушыць чалавека. Дадлі хутка адшукаў самую вялікую змяю. Яна магла б двойчы абвіцца вакол машыны дзядзькі Вернана і раздушыць яе - але ў гэты момант яна была не ў настроі.

Дадлі пастаяў, прыціснуўшы нос да шкла, гледзячы на бліскучыя карычневыя кольцы.

- Хай яна папоўзае, - заканючыў ён. Дзядзька Вернан пастукаў па шкле, але змяя не зварухнулася.

- Пастукай яшчэ, - загадаў Дадлі. Дзядзька Вернон моцна пастукаў па шкле кулаком. Змяя працягвала спаць.

- Неціка-а-ава, - праенчыў Дадлі. І, вяслуючы нагамі, пайшоў прочкі.

Гары падышоў да вітрыны і пільна паглядзеў на змяю. Ён не здзівіўся, калі б дазнаўся, што тая памерла - аніякай кампаніі, акрамя дурных людзей, якія цэлы дзень барабаняць па шкле, каб абудзіць яе. Гэта нашмат горш, чым спаць у каморы – яго будзіць адна толькі цётка Пятуння, і ён можа перасоўвацца па доме.



23 из 245