
Раптам змяя расплюшчыла круглыя вочы. Павольна, вельмі павольна паднімала яна галаву, пакуль яе вочы не падняліся да ўзроўню вачэй Гары.
Яна падміргнула.
Спачатку Гары не мог адвесці вачэй. Потым хуценька агледзеўся наўкол, каб упэўніцца, што ніхто за ім не назірае. Тады ён павярнуўся да змяі і таксама падміргнуў ёй.
Змяя кіўнула галавой у бок дзядзькі Вернана і Дадлі, а пасля ўзвяла вочы да столі. Яна паглядзела на Гары поглядам, які казаў: "І так увесь час."
- Разумею, - прамармытаў Гары ў шкло, хоць і не быў упэўнены, што змяя пачуе яго, - жудасна надакучвае.
Змяя павольна кіўнула.
- А ты наогул адкуль? - пацікавіўся Гары.
Змяя пастукала хвастом па шыльдачцы, прымацаванай побач з клеткай. Гары прачытаў: "Баа-констрыктар, Бразілія".
- Там добра, у Бразіліі?
Баа-канстрыктар зноў пастукала па шыльдачцы, і Гары прачытаў далей: "Гэты экзэмпляр нарадзіўся ў заапарку".
- Вось як? Значыць, ты ніколі не была ў Бразіліі?
Змяя адмоўна затрэсла галавой, і адначасова за спіной у Гары раздаўся такі аглушальны крык, што абодва, і ён, і змяя, падскокнулі. "ДАДЛІ! МІСТЭР ДУРСЛІ! ІДЗІЦЕ СЮДЫ! ПАГЛЯДЗІЦЕ НА ГЭТУЮ ЗМЯЮ! ВЫ НЕ ПАВЕРЫЦЕ, ШТО ЯНА РОБІЦЬ!"
Дадлі падбег, перавальваючыся.
- Прэч з дарогі, ты, - крыкнуў ён, ткнуўшы Гары пад рэбры. Ад нечаканасці Гары зваліўся на бетонную падлогу. Далей усё адбылося настолькі хутка, што ніхто нават не зразумеў, што здарылася - толькі што Пірс з Дадлі стаялі, уткнуўшыся насамі ў шкло, а ў наступную секунду яны ўжо адскочылі ў бок лямантуючы ад жаху.
Гары сядзеў на падлозе, хапаючы ротам паветра; шкляная вітрына знікла. Вялізная змяя, імкліва разгортваючы кольцы, выпаўзала на падлогу. Па ўсім тэрарыўме людзі екаталі і несліся да выхаду.
