
Містэр Дурслі ужо забыўся на людзей у мантыях і не ўспамінаў пра іх, пакуль не сутыкнуўся з групкай дзіўных тыпаў недалёка ад булачнай. Ён не змог зразумець, чаму пры адным толькі поглядзе на іх яму станавілася не па сабе.
Гэтыя тыпы таксама ажыўлена шапталіся, і ён не ўбачыў у іхніх руках ніводнай кружкі для збору ахвяраванняў. Ідучы з булачнай з пакетам, у якім ляжаў вялікі пончык, містэр Дурслі зноўку быў вымушаны прайсці паблізу гэтых дзіўных асоб, і ў гэты момант ён абсалютна выпадкова пачуў:
- ...так, гэта Потэры, менавіта так мне расказвалі...
- ...так, іх сын Гары...
Містэр Дурслі спыніўся. У яго перахапіла дыханне. Ён адчуў, як на яго накатвае хваля страху. Ён азірнуўся на тыпаў, якія шапталіся, нібы жадаў сказаць ім нешта, але потым перадумаў.
Містэр Дурслі кінуўся праз дарогу, паспешна падняўся ў офіс, раўкнуў сакратарцы, каб яго не турбавалі, сарваў тэлефонную трубку і ўжо набіраў пераддапошнюю лічбу свайго дамашняга нумара, калі раптам раздумаў і паклаў трубку назад, думаючы пра тое, што...
Не, вядома, гэта была дурасць. Потэр - не такое ўжо рэдкае прозвішча. Містэр Дурслі лёгка ўпэўніў сябе ў тым, што ў Англіі жыве мноства сем'яў, якія носяць прозвішча Потэр і маюць сына з імем Гары. І ён нават не можа на 100% сцвярджаць, што яго пляменніка клічуць менавіта Гары. Бо ён ніколі не бачыў гэтага хлопчыка. Магчыма, што яго клічуць Гэры. Або Гаральд.
Увогуле, містэр Дурслі вырашыў, што яму зусім не абавязкова турбаваць місіс Дурслі, тым больш што яна заўсёды не любіла, калі размова заходзіла пра яе сястру. Містэр Дурслі не папракаў жонку - калі б у яго была такая сястра, як у місіс Дурслі, ён бы...Але тым не менш гэтыя людзі ў мантыях і тое, пра што яны казалі, - усё гэта было дзіўна.
