— А калі зноў дома будзеш?

— Не ведаю. Цяжка ў містэра вырвацца. У выхадныя двайная нагрузка. А ведаеш, што на тых скрынях, на беразе, напісана? Што маёмасць належыць ваенна-марскому флоту ЗША. Базу хочуць будаваць.

Янг навобмацак абняў Раджа за шыю.

— Ну, мужчынка, беражы маці і бацьку. З Амарам дружы — ён верны мой сябар. — Радж пацалаваў Янга яшчэ раз і зашорхаў, адпаўзаючы да дзвярэй. Стагнала ў сне маці… Янг выцер слёзы са шчок.

3

— Янг… Я-янг! — хтосьці паклікаў яго шапялявым голасам. Потым пачуўся стук кія па парозе. — Ты яшчэ спіш?

Янг пазнаў голас старасты Ганеша, і сон яго адразу знік. Такога яшчэ не бывала, каб сам стараста звяртаўся да яго, нейкага хлапчука.

— Я ведаю, што не спіш… Збяры сяброў, і бяжыце купацца. Даўжэй сёння купайцеся… І добра было б, каб увесь час хтосьці плюхаўся ў лагуне — па чарзе. І калі што ўбачыце новага, пасылайце дакладчыка. Янг, будзеш камандзірам разведкі.

Хлопец не верыў сваім вушам. Яму давяраюць такую важную справу?! Усхапіўся так, што затрэслася хаціна.

— Цішэй гарцуй… А то раней часу разваліш, — сказала маці кволым голасам. Яна і бацька яшчэ не ўставалі, нібы ўраз і назаўсёды страцілі цікавасць да жыцця. — Насячы арэхаў, кінь свінцы, а тады ўжо ляці. Курэй выпусці.

Іх хаціна, як і ўсе ў вёсцы, збудавана на высокіх палях. Пад бамбукавай падлогай-насцілам можна хадзіць угнуўшыся. Тут і загародка для свінкі, і клетка для курэй. Тут і камора, дзе яшчэ ёсць крыха какосавых арэхаў папярэдняга ўраджаю.

Янг працаваў і прыслухоўваўся да таго, пра што перагаворваюцца Ганеш з бацькам. Адзін стаіць каля парога, другі — у дзвярах.



13 из 405