
— …дык толку ж няма з зялёных. Сок, малачко… Хіба што бражку рабіць. Дык на бражку ж можна і з самой пальмы соку наспускаць! — гаварыў бацька. — Але ж на ліха яна, і без яе горка!
— А я раю пассякаць арэхі, хоць зялёныя. Усё ж нейкая карысць будзе, — гаварыў Ганеш. — А то можа стацца — не паспеем і такія спажыць. Спляжаць усё бульдозерамі… Я чуў, што сюды, на Біргус, будуць вялікія самалёты садзіцца, караблі ваенныя прыплывуць.
— Божа міласэрны! Такую навалу паслаць…
— Трэба нам усім трымацца разам. Мо прыйдуць амерыканцы ўшчуваць, то будзем у адно гаварыць: мы толькі маліліся, гналі злых духаў. І што Раджа не было з намі, паехаў на Рай. Я ўсім так скажу, папярэджу… (Янг падумаў: «Ну і добра, што сам стараста скажа»)…А салдат першы напаў на нас… І трэба рыхтавацца да пахавання Япа і Раты… — Ганеш пайшоў, пастукваючы кіем.
— Вялікі Вішну! — усхліпнула маці.— Яны ж цэлую ноч ляжалі на беразе. Крабы вочы павыядалі… Як я цяпер буду раджаць? Бома няма, не будзе каму адганяць злых духаў.
— Ты не перажывай… Дасць бог, усё будзе добра, — уздыхнуў бацька.
— А Лі Сунь і сёння пайшоў да амерыканцаў. Павалок мех большы за сябе — ледзь носам зямлю не рыў.
— Гандаль мо наладжвае, чуе — пажывіцца можна, — адказаў бацька.
Янг выбраўся з-пад хаціны.
— Я ўсё зрабіў. Наце вам па яечку… — паклаў у шурпатую бацькаву руку яйкі, знойдзеныя ў курыным гняздзе. — Я пабег!
Галапузікаў, што бегаюць без штонікаў ці трусікаў, Янг не будзе браць у памочнікі. І дзяўчынак не возьме… Хаця адну то і можна было б — Натачу. Яе назвалі так у гонар савецкай дакторкі. Добра, што якраз у той час, як нараджалася Натача, стаяла непадалёку савецкае даследчае судна. І цяпер людзі памятаюць, што над ім развяваліся два сцягі — чырвоны і сіне-белы. Каб не прыехала з судна дакторка, то магло б не быць ні Натачы, ні яе маці, людзі ўжо маліліся Вішну, каб забраў сабе іх душы. Баявітаю расла Натача, спрытнаю. Але Янг не будзе клікаць сёння і яе, у яго чыста мужчынскае заданне.
