Перш за ўсё Туна пакліча. Звычайна, калі спадала дзённая спякота і ў вёсцы пачынаўся хоць нейкі рух, Янг будзіў Туна так: падлазіў пад памост яго хаціны і востраю тонкаю патырчакаю соўгаў спадыспаду паміж бамбукавых жэрдак. Янг ведаў, у якім кутку спіць Тун, і звычайна пацэльваў калі не з першага, то з другога разу. А сёння прабраўся Янг… Раз кальнуў, другі…

— Ой, што гэта?! — пачуўся спалоханы мужчынскі ўскрык. Хтосьці падскочыў, хаціна затрэслася, як ад землетрасення: — Нячысты дух! Нячысты дух!

Янг даў лататы з-пад хаты. У тую ж хвіліну пачуўся Тунаў смех:

— Янг, гэта ты? Ха-ха, чуць жывот бацьку не прапароў!

— Я-а… Выходзь хутчэй!

— Чаго ты падхапіўся так рана?

— Даручэнне нам ёсць! Баявое! — І Янг расказаў, што да чаго. Ужо ўдвух памчаліся да Мансура.

Мансурава хаціна стаяла ў той палавіне вёскі, што была бліжэй да лагуны. Знайшлі яго на пальме — ссякаў арэхі. Увесь дол ужо быў укрыты імі, зялёнымі, шурпатымі. Мансур і слухаць не хацеў, што яму выкрыкваюць знізу хлопцы, пакуль не сталі цаляць у яго палкамі, а Янг прыгразіў, што залезе да яго і сцягне за нагу. Памаглі Мансуру сабраць арэхі ў мяшок, завалаклі дахаты. Памаглі і ўгаворваць яго суровага бацьку, бо таму не падабалася, што сын не выканаў яго распараджэння, а ўжо зрываецца недзе бегчы. «Пакупайцеся і бягом назад. Калі праз паўгадзіны не прыйдзеш, можаш увогуле не вяртацца!» — прыгразіў Мансуру бацька.

Пабеглі да лагуны навыперадкі з худым Мансуравым сабакам, арыентаваліся на дзіўныя гукі: там нешта прарэзліва звінела, трашчала і выла.

Выбеглі — і вачам сваім не паверылі: такім незнаёмым стаў бераг! Голы, чужы: упярэкрыжку і ўмітусь, а то і покатам ляжалі ўсе прыбярэжныя пальмы, нібы пранёсся шалёны ўраган. Яшчэ каля двух дрэў завіхаліся двое белых дзядзькоў у шортах. У іх руках і вылі тыя штуковіны, увачавідкі падгрызалі дрэвы. Трэці дзядзька, такі ж незагарэлы і амаль голы, чыкрыжыў ствалы на кавалкі.



15 из 405