— Чаго раты паразяўлялі? Бензапіл не бачылі? Марш адсюль! — закрычаў на іх, нібы ён тут быў гаспадаром, кітаец Лі Сунь.

Хлопцы аглянуліся. Крамнік назносіў пад вялікі банан кучу арэхаў, расклаў там на рагожцы сякі-такі тавар і вёў гандаль. То пільшчыкі, то салдаты, што распакоўвалі скрыні і складалі з металічных частак нейкія механізмы, падыходзілі да Лі Суня, і ён ім ускрываў арэхі, даваў піць сок. Каму не падабалася, тым успорваў бляшанкі з кансерваваным сокам ці півам. Лі Сунь рабіў свой бізнес.

— Чужыя пальмы абабраў! Я пабягу раскажу Ганешу! — Тун гатовы быў сарвацца з месца.

— Чакай, а там што? — спыніў яго Янг.

Каля ўваходу ў лагуну, які вельмі звужвалі рыфы і атольчыкі, нерухома застыў той пантон, што перапраўляў з баржы на бераг машыны і грузы. На ім стаяла і дадахкала прамавугольная глыба на колах. На пантоне завіхалася некалькі чалавек. Штосьці рабілі, штосьці падавалі з пантона ўніз, да вады. Вось на пантон ускараскаўся амаль голы чалавек з ластамі на нагах і аранжавымі балонамі за плячыма. Твару чалавека не было відаць, бліскала толькі шкло маскі. Вось ён сцягнуў маску на лоб, пацерабіў пальцам у вушах…

Пантон сёння быў упрыгожаны рознакаляровымі сцяжкамі — і чорнымі, і чырвонымі, і жоўтымі, і сінімі. Казаў неяк Радж, што калі вядуцца падводныя работы, то выстаўляюць такія сцяжкі.

— Па астраўках падбяромся бліжэй да пантона, разведаем, што яны робяць! — Янг кінуўся ўніз.

Пясок каля вады быў стаптаны — засталіся ўчарашнія сляды людзей. Сям-там валяліся факелы. А дзе ж бома Яп? Дзе старая Рата? Колькі ні ўглядаліся ў той бок, дзе завіхаліся каля скрынь салдаты, трупаў не заўважылі. А мо іх не забілі? Мо яны ўсталі ноччу і цішком вярнуліся дадому?

Імчаліся паласой прыбою, а сабака весела брахаў і стараўся то аднаго, то другога цапнуць за пятку. Дабеглі да мыса і адразу плюхнулі ў ваду — белапеністую, бурлівую ў вузкай пратоцы. Сабака павішчаў, патупаў на беразе і палез асцярожна ў ваду, задзіраючы галаву, паплыў за імі.



16 из 405