
Каля апошняга астраўка хвалі былі большыя, усе пенілася і бурліла. Прытаіліся за скаламі, панаглядалі… І зразумелі, што тут людзі сапраўды штосьці робяць пад вадою. Ад той чатырохкутнай машыны на колах клубамі валіў смярдзючы чорны дым. Ад яе ішлі пад ваду чорныя гумавыя шлангі. Раз-пораз да пантона падплываў чалавек з балонамі за плячыма і ў масцы, і яму падавалі зверху то нейкія цяжкія пакеты, то правады.
— Хлопцы! Штосьці так грукоча пад вадою! Так б'е па вушах — аж баліць! — паспеў нырнуць і тут жа выскачыць Мансур.
Спусціліся ў пратоку паміж трэцім і чацвёртым астраўкамі. Янг з Тунам нырнулі і тут жа вынырнулі. Праўда!
— Не вытрываць! Галава расколваецца!
І тут іх заўважылі з пантона: закрычалі, замахалі рукамі, каб выбіраліся з вады і ўвогуле вымяталіся прэч. Але хлопцы толькі заплылі за астравок і зноў пачалі цікаваць са схованак, глядзець, што робіцца на пантоне, каля пантона і рыфаў.
Вось з вады адзін за адным вынырнулі двое ў масках і з балонамі за плячыма. Ім памаглі ўзлезці на пантон, зняць балоны. А маскі пазрывалі яны самі і цяжка дыхалі, размашыста церлі па перакрыўленых, як ад болю, губах, церабілі пальцамі вушы. Сабака нецярпліва павіскваў, хочучы забрахаць на незнаёмых, і яму Мансур заціскаў пысу, прыгінаў да скалы. Рабочыя, што завіхаліся на пантоне, выцягвалі з вады чорныя шлангі, нарэшце завіслі на шлангах нейкія жалезныя штуковіны з вострымі наканечнікамі.
— Мо які клад схавалі, золата?! — у Мансура загарэліся вочы.
— Дурня такога, як ты! — сплюнуў Тун.
— Я падплыву туды пад вадою, пагляджу. Я ўмею глядзець пад вадою! — Мансур папоўз са скалы нагамі ўніз.
— Ціха, яны адплываюць! — паказаў Янг на карму пантона, дзе затарахцеў рухавік, узбурліла бурунам вада.
