
Вельмі хвалявала мяне, вельмі прымушала працаваць маю думку і фантазію тая акалічнасць, што ў свой час Навагрудак быў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Дарэчы, у «Большом советском энциклопедическом словаре» аб гэтым не сказана. І, дарэчы, нельга прайсці міма такога факта: наша навука тую беларуска-літоўскую дзяржаву, сталіцай якой быў Навагрудак, упарта называе Вялікім княствам Літоўскім, а летапісцы называлі яе Вялікім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім.
Адным словам, я захварэў Навагрудкам. Гэта было як шыфр, як таемны сігнал — Навагрудак, або Наваградак, як называе сёння гэты горад мясцовы люд. Варта было пачуць, прачытаць гэта слова, і адразу бачыўся Нёман, бацька-Нёман, як заве яго народ, адразу далятаў гром лютых сечаў, хруст дзідаў, іржанне коней, крыкі вояў. Мне здавалася, я чую нямоўчны шум бору, шолах бясконцага дажджу, бачу крыжыкі птушак на небасхіле. Куды ляцяць вольныя птушкі? Хто іх чакае? Можа, яны стукнуць у акенца, прарэзанае ў суровай каменнай сцяне. Бледны дзявочы твар свеціцца ў цемры акенца. Даўно заснуў горад. Наўкола — змрок, халадэча… Толькі не спяць вартавыя і закаханыя. Чуйна прыслухоўваецца дзяўчына — вось-вось павінен прагучаць тупат конскіх капытоў. Сядміцу назад малодшая дружына пайшла ў наезд за Нёман, каб мячом і дзідаю пералічыць рэбры ў крыжакоў. Прывязі, прывязі каханага, конь, а не залітае цёплай крывёю сядло.
Па даверлівасці і нявопытнасці я расказаў аб сваіх «навагрудскіх мроях» аднаму вядомаму, хоць яшчэ і маладому, журналісту.
— Кінь, стары, — хіхікнуўшы, сказаў гаспадар жоўтага партфеля. — Навошта табе ўсё гэта? Навагрудак, Літва, крыжакі… Ты ж не Адам Міцкевіч. Пішы пра сучаснасць. Хочаш, паедзем у Салігорск. На радыё нарысок пра шахцёраў заказалі. А гісторыя… — ён махнуў рукою. — Пустое ўсё гэта, неперспектыўнае.
