
— Трымай! Хутчэй! — зноў крыкнуў Віктар.
Мірон учапіўся рукою за поўсць нейкага звера.
— Што гэта за звер такі? — здзівіўся ён.
— Трымай, трымай мацней! Заяц! — засопшыся, казаў Віктар.
Мірон учапіўся абедзвюма рукамі за зайца, але зараз жа адну руку адхапіў, бо нехта моцна ў яе дзюбануў.
— Ай, ай, заяц дзюбаецца! — крыкнуў ён з жахам.
— Трымай мацней! А то ўцячэ! — тузаўся тым часам Віктар.
Мірон зноў ухапіўся дзвюма рукамі.
— Што гэта робіцца? — крыкнуў ён. — Ніколі не чуў, каб заяц дзюбаўся!
— Я ж пугача трымаю! Гэта ён. Трымай зайца, а я гэтаму лупатаму зараз галаву раструшчу.
І ён стукнуў птушку галавой аб дрэва. Потым гэтак жа забілі і зайца.
— Адкуль ты ведаў, што там дзеецца? — запытаўся Мірон, калі яны са здабычай вярнуліся на сваё месца.
— Жаласны піск паказваў, што гэта нейкі невялікі звярок трапіў у бяду. Тузаніна ў кустах сведчыла, што і вораг яго не надта моцны, калі яны так доўга тузаюцца. Потым пачулася нібы плясканне крылаў, і тады мне прыйшла ў галаву думка, што гэта, мусіць, якая сава напала на зайца, як гэта часта пішацца ў кнігах. Але ж і запусціла кіпцюры ў спіну! Сама хацела вырвацца, ды не магла, таму і ўдалося схапіць. А цяпер паспрабуем запалкі, можа, ужо будуць гарэць.
Тыцнуўся Віктар туды-сюды, а запалак няма.
— Згубіў у час тузаніны, — прамовіў ён у роспачы.
Хацеў быў накінуцца на яго Мірон, але раздумаў.
— Знойдзеш заўтра, — сказаў ён лагодна. — Ды, мусіць, і страта невялікая, бо, відаць, усё роўна з іх толку не было б.
— А есці хочацца… — неяк жаласна сказаў Віктар.
— Ты ж казаў, што мог бы есці сырое. Вось і еш.
— Ну, ну! Лёгка казаць. Але ўсё ж такі, што мы будзем рабіць заўтра?
— Заўтра і будзем меркаваць, — сказаў Мірон і лёг у сваё логава. — А цяпер будзем спаць. Вось палажы сабе з другога боку зайца — хай грэе, а я палажу пугача.
