Металiчная сiгара стаяла вертыкальна i была гатова вось-вось узляцець. Я ведаў, той, якую я замкнуў, нiчога не пагражае — у ракеце дастаткова кiслароду, нават харчу крыху ёсць; зрэшты, я зусiм не збiраўся трымаць яе там да бясконцасцi.

Я iмкнуўся любой цаной здабыць хоць некалькi гадзiн свабоды, каб усё абдумаць, звязацца са Снаўтам i пагаварыць з iм ужо на роўных.

Калi я закручваў апошнюю шрубу, дык адчуў, што металiчныя мацаваннi, на якiх трымаецца ракета, устаноўленая толькi на выступах з трох бакоў, уздрыгваюць, але вырашыў, што гэта я сам з дапамогай вялiкага ключа неасцярожна расхiстаў стальную глыбу.

Я адышоўся на некалькi крокаў i ўбачыў тое, чаго не хацеў бы бачыць больш нiколi ў жыццi.

Ракета расхiсталася ад удараў знутры. Ды якiх удараў! Каб там быў стальны робат, а не чорнавалосая стройная дзяўчына, то i ён не здолеў бы гэтак трэсцi васьмiтонную ракету!

На палiраванай паверхнi снарада мiгцелi i пералiвалiся водблiскi агнёў касмадрома. Я не чуў нiякiх гукаў — унутры было цiха, толькi шырока расстаўленыя апоры стартавага стала, на якiх стаяла ракета, страцiлi дакладнасць абрысаў. Яны вiбравалi, як струны, — я нават спалохаўся, што ўсё можа развалiцца. Дрыготкiмi рукамi зацiснуў апошнюю шрубу, кiнуў ключ i саскочыў з трапа. Паволi адступаючы, я ўбачыў, як амартызатары, разлiчаныя толькi на пастаянны цiск, падскокваюць у сваiх гнёздах. Мне здалося, што стальная абшыўка мяняе свой колер. Як звар’яцел’ы, я падбег да пульта дыстанцыйнага кiравання, абедзвюма рукамi штурхануў угору рубiльнiк пуску рэактара i ўключэння сувязi; тады з рэпрадуктара, якi быў спалучаны з ракетай, пачуўся не то пiск, не то скавытанне, зусiм не падобнае на чалавечы голас, i ўсё-ткi я разабраў: «Крыс! Крыс! Крыс!!!»

Зрэшты, гучала гэта не вельмi выразна.



58 из 188