Кроў лiлася з разбiтых костачак, так хаатычна i прымусова стараўся я запусцiць снарад. Блакiтны водблiск упаў на сцены стартавага стала; з адлюстравальнiка газаў павалiлi клубы дыму, якiя ператварылiся ў сноп асляпляльных iскраў; усе гукi накрыў высокi працяжны гул. Ракета ўзнялася на трох струменях полымя, якiя адразу ж злiлiся ў адзiн вогненны слуп, i, пакiдаючы за сабой дрыготкае марыва, вылецела праз шлюзавую адтулiну, якая адразу ж зачынiлася. Аўтаматычныя вентылятары пачалi падаваць свежае паветра ў залу, дзе яшчэ вiхурыўся едкi дым. Я на ўсё гэта не звяртаў увагi. Рукамi трымаўся за пульт, твар гарэў ад апёку, валасы абгарэлi ад цеплавога выпраменьвання; я сутаргава хапаў паветра, якое пахла гарэлым i азонам. Хоць пад час старту я iнстынктыўна заплюшчыў вочы, рэактыўны струмень асляпiў мяне. Даволi доўга перад вачыма стаялi чорныя, чырвоныя i залатыя кругi. Паступова яны растварылiся. Дым, пыл, туман знiкалi ў трубах вентылятараў, якiя цяжка стагналi. Перш за ўсё я ўбачыў зялёны экран радара. Я пачаў шукаць ракету з дапамогай радыёлакатара. Калi нарэшце злавiў, яна была ўжо за межамi атмасферы. Нiколi ў жыццi я не запускаў снарад так паспешна, усляпую, не ведаючы, якое паскарэнне яму надаць, куды наогул яго скiраваць. Я падумаў, што прасцей за ўсё вывесцi ракету на арбiту вакол Салярыс з радыусам каля тысячы кiламетраў. Тады я здолеў бы выключыць рухавiкi. Калi яны будуць працаваць, можа адбыцца катастрофа, вынiкi якой цяжка ўявiць. Тысячакiламетровая арбiта — як я пераканаўся з таблiцы — была стацыянарная. Але i яна, калi гаварыць праўду, нiчога не гарантавала. Проста я не мог прыдумаць нiчога iншага. У мяне не хапiла адвагi ўключыць радыёсувязь, якую я выключыў адразу пасля старту. Я зрабiў бы ўсё, абы толькi не чуць гэтага страшнага голасу, у якiм ужо не засталося нiчога чалавечага. Усе маскi былi сарваны — у гэтым можна прызнацца, — i пад выявай Хэры адкрылася iншая, сапраўдная выява, такая, што шаленства стала ўяўляцца сапраўдным збавеннем.



59 из 188