Была роўна гадзiна, калi я пайшоў з касмадрома.

«МАЛЫ АПОКРЫФ»

Скура на маiх руках i твары была абпаленая. Я ўспомнiў, што калi шукаў снатворнае для Хэры (калi б у мяне была сiла, я пасмяяўся б над сваёй наiўнасцю), то заўважыў у аптэчцы бутэлечку з маззю ад апёкаў, i пайшоў да сябе. Адчынiў дзверы i ў чырвоным святле захаду ўбачыў, што ў крэсле, ля якога Хэры стаяла нядаўна на каленях, нехта сядзiць. На нейкую долю секунды мяне апанаваў страх, я запанiкаваў i адскочыў, гатовы ўцякаць. Той, хто сядзеў, падняў галаву. Гэта быў Снаўт. Заклаўшы нагу за нагу, спiнай да мяне (на iм былi тыя ж шарачковыя штаны з плямамi ад рэактываў), ён праглядаў нейкiя паперы. Яны ляжалi на столiку побач. Пасля адклаў паперы i пачаў змрочна разглядаць мяне з-пад апушчаных на кончык носа акуляраў.

Не кажучы нi слова, я падышоў да рукамыйнiка, дастаў з аптэчкi мазь i пачаў мазаць ёю лоб i шчокi, там, дзе былi сама моцныя апёкi. На шчасце, я паспеў тады зажмурыцца, i вочы мае ацалелi. Некалькi вялiкiх пухiроў на вiсках i шчоках я прапароў стэрыльнай iголкай i шпрыцам высмактаў з iх вадкасць. Пасля наклеiў на твар дзве марлевыя накладкi з маззю. Снаўт па-ранейшаму назiраў за мной. Мне было ўсё адно. Твар мой гарэў усё мацней. Я закончыў свае працэдуры i сеў у другое крэсла, зняўшы з яго сукенку Хэры. Гэта была сама звычайная сукенка, толькi без усялякiх зашпiлек.

Снаўт, склаўшы рукi на касцiстым калене, крытычна сачыў за маiмi рухамi.

— Ну што, пагаворым? — прамовiў ён, калi я сеў.

Я прамаўчаў, прыцiскаючы марлю, якая спаўзала са шчакi.

— Былi госцi, праўда?

— Праўда, — адказаў я суха.

Я не меў нiякай ахвоты падладжвацца пад яго тон.

— I пазбавiўся ад iх? Ну, ну, iмпэтна ты за гэта ўзяўся.

Снаўт памацаў лоб, на якiм лушчылася скура. Праз яе свяцiлася маладая ружовая скурка. I тады я ўсё зразумеў. Чаму я вырашыў, што гэта загар? На Салярыс жа нiхто не загарае…



60 из 188