
— Але пачаў ты вельмi сцiпла, — працягваў Снаўт, не звяртаючы ўвагi на маё хваляванне. — Магчымыя наркотыкi, яды, амерыканская барацьба, хiба не так?
— Што ты хочаш? Давай пагаворым сур’ёзна. Калi ты хочаш блазнаваць, лепей iдзi.
— Часам мiжволi даводзiцца блазнаваць, — адказаў ён i падняў на мяне прымружаныя вочы. — Ты ж не будзеш запэўнiваць, што не карыстаўся нi вяроўкай, нi малатком? А чарнiлiцу ты выпадкам не кiдаў, як Лютэр? Не? О, — скрывiўся ён, — тады ты проста малайчына! I рукамыйнiк цэлы, ты нават не спрабаваў расквасiць галаву, i ў пакоi ўсё цэлае. Ты проста раз, два, i гатова пасадзiў, запусцiў на арбiту, i квiты?!
Снаўт зiрнуў на гадзiннiк.
— Значыць, гадзiны дзве, а мо i тры ў нас ёсць, — закончыў ён, непрыемна ўсмiхаючыся. Пасля працягваў: — Так, значыць, ты лiчыш, што я свiння?
— Сапраўдная свiння, — сказаў я цвёрда.
— Ага, а ты паверыў бы, калi б я табе расказаў? Паверыў бы хоць аднаму майму слову?
Я не адказаў.
— Спачатку гэта адбылося з Гiбарыянам, — працягваў Снаўт з той жа непрыемнай усмешкай. — Ён замкнуўся ў сваёй кабiне i гаварыў з намi толькi праз дзверы. Ты ведаеш, што мы вырашылi?
Я ведаў, але прамаўчаў.
— Ну вядома. Мы думалi, што ён звар’яцеў. Ён расказаў нам трохi праз дзверы, але не ўсё. Магчыма, ты нават здагадваешся, чаму ён не сказаў, хто ў яго. Так, ты ўжо ведаеш: suum cuique
— Якi шанц?
— Ён спрабаваў усё класiфiкаваць, разабрацца, зразумець, працаваў ноччу. Ведаеш, што ён рабiў? Вядома, ведаеш!
— Разлiкi. У шуфлядзе. На радыёстанцыi. Гэта яго?
— Так. Але тады я пра гэта нiчога не ведаў.
— Колькi гэта працягвалася?
— Гасцяванне? Мо з тыдзень. Мы вялi размовы праз дзверы. Што там тварылася! Мы думалi, у яго галюцынацыi, псiхамоўнае ўзбуджэнне. Я даваў яму скапаламiн.
