— Як гэта… яму?

— Так. Ён браў, але не сабе. Эксперыментаваў. Так гэта i працягвалася.

— А вы?..

— Мы? На трэцi дзень мы вырашылi трапiць да яго, узламаць дзверы, калi iнакш не атрымаецца. Думалi, што яго трэба лячыць.

— Дык вось чаму! — вырвалася ў мяне.

— Так.

— I там… у той шафе…

— Так, мой ты хлопча. Так. Ён не ведаў, што тым часам i нас наведалi госцi. I мы ўжо не маглi займацца iм. Ён пра гэта не ведаў. Зараз мы да такiх гiсторый… прывыклi.

Ён расказваў пра гэта так цiха, што я хутчэй здагадаўся, чым пачуў апошнiя словы.

— Пачакай, я не разумею… — прамовiў я. — Вы ж павiнны былi чуць. Ты сам казаў, што вы падслухоўвалi. Вы павiнны былi чуць два галасы… а таму…

— Не. Мы чулi толькi яго голас, а калi ўзнiкаў нейкi дзiўны шум, мы думалi, што гэта ён…

— Толькi яго голас?.. Але… чаму?

— Не ведаю. У мяне, праўда, ёсць на гэты конт свая версiя, але я лiчу, што не варта спяшацца. Хоць яна штокольвечы i высвятляе, але выйсця не дае. Так. Ты, вiдаць, яшчэ ўчора нешта прыкмецiў, iначай палiчыў бы нас абодвух за вар’ятаў.

— Я думаў, што сам звар’яцеў.

— Ах, так? I ты нiкога не бачыў?

— Бачыў.

— Каго?!

Яго твар скрывiўся. Ён ужо не ўсмiхаўся. Я ўважлiва разглядваў яго, пасля адказаў:

— Гэтую… чарнаскурую…

Снаўт маўчаў. Але яго напружаныя згорбленыя плечы крыху расслабiлiся.

— Ты мог бы мяне хоць папярэдзiць, — працягваў я ўжо не так упэўнена.

— Я цябе папярэдзiў.

— Але як!

— Як здолеў. Зразумей, я не ведаў хто гэта будзе! Гэтага нiхто не ведае, гэтага нельга ведаць…

— Паслухай, Снаўт, у мяне некалькi пытанняў. Ты сутыкаўся з такiмi рэчамi… тая… гэта… што будзе з той?

— Ты хочаш ведаць, цi вернецца яна?

— Так.

— Вернецца i не вернецца.

— Што гэта азначае?

— Вернецца такая самая, як была напачатку… пад час першага вiзiту. Проста яна не будзе нiчога ведаць або, калi казаць дакладна, будзе паводзiць сябе так, быццам ты нiколi нiчога не рабiў, каб ад яе пазбавiцца. Яна не будзе агрэсiўнай, калi ты не паставiш яе ў такое становiшча…



62 из 188