
— Якое становiшча?
— Гэта залежыць ад абставiн.
— Снаўт!
— Што?
— Мы не можам дазволiць сабе раскошу што-небудзь утойваць адзiн ад аднаго!
— Гэта не раскоша, — перапынiў ён суха. — Кельвiн, у мяне такое ўражанне, што ты ўсё яшчэ не разумееш… або… Пачакай! — У яго заблiшчалi вочы. — Ты можаш мне сказаць, хто ў цябе быў?!
Я пракаўтнуў слiну. Апусцiў галаву. Мне не хацелася глядзець на яго. Я хацеў, каб зараз тут быў абы-хто, толькi не Снаўт. Але выбару не заставалася. Шматок марлi адклеiўся i звалiўся мне на руку. Я здрыгануўся ад яе слiзкага дотыку.
— Жанчына, якую… — я не закончыў. — Яна загiнула. Зрабiла сабе… укол…
Снаўт чакаў.
— Учынiла самагубства?.. — удакладнiў ён, калi ўбачыў, што я маўчу.
— Так.
— I ўсё?
Я маўчаў.
— Гэта не ўсё…
Я падняў галаву. Снаўт не глядзеў на мяне.
— Адкуль ты ведаеш?
Ён не адказаў.
— Ладна, — пачаў я, аблiзаўшы губы, — мы пасварылiся. А зрэшты, не. Гэта я ёй сказаў, сам ведаеш, што гавораць у гневе. Сабраў свае рэчы i пайшоў. Яна дала мне зразумець, хоць пра гэта нiчога i не сказала, але калi з чалавекам доўга жывеш, навошта i гаварыць… Я быў перакананы, што пабаiцца… яна проста так… што не зробiць гэтага… я выклаў ёй усё. На наступны дзень я ўспомнiў, што пакiнуў у шуфлядзе стала гэты… прэпарат; яна ведала пра яго я прынёс прэпарат з лабараторыi i растлумачыў, як ён дзейнiчае. Я спалохаўся, хацеў пайсцi i забраць яго, але падумаў, што гэта дасць падставы лiчыць, быццам я ўспрыняў яе словы ўсур’ёз, i… не пайшоў. Але на трэцi дзень я ўсё-ткi пайшоў, бо гэта не давала мне спакою. Ужо… калi я прыйшоў, яна была мёртвая.
