
- Зусiм дарма? - зноў спытаў я.
- Але, дарма, пэўна, можна так сказаць, - адказаў брат. - Усё ў Вiшнёвай Далiне дарма. Мы ўсё даём адзiн аднаму i дапамагаем адзiн аднаму, калi гэта неабходна.
- Значыць, ты таксама штосьцi даеш Сафii?
Ён зноў засмяяўся.
- Раблю сёе-тое. Напрыклад, прывожу гной для яе клумбаў з ружамi. Сярод iншых спраў i даглядаю iх. Вядома, зусiм дарма.
Потым дадаў цiха, што яго ледзь было чутно:
- I шмат iншых рэчаў я раблю для яе.
Я заўважыў, што ён дастаў з кашолкi тоненькi, скручаны трубачкай, кавалачак паперы. Ён разгарнуў паперу, прачытаў тое, што там напiсана, i нахмурыўся, быццам яму штосьцi не спадабалася. Але нiчога не сказаў, а мне не захацелася пытацца. Я падумаў, што ён сам, калi захоча, раскажа, што там напiсана.
У кутку нашай кухнi стаяў буфет, пра якi Джанатан збольшага расказаў мне ў наш першы вечар у Сядзiбе Рыцараў. Аказваецца, у буфеце была сакрэтная скрынка, i калi не ведаць яе сакрэту, нiхто не можа нi знайсцi яе, нi адчынiць. Мне, вядома, захацелася ўбачыць яе зараз жа, але Джанатан сказаў:
- Як-небудзь iншым разам. Ты павiнен спаць...
Я заснуў i забыўся пра ўсё, але цяпер успомнiў, як Джанатан падышоў да буфета i я пачуў дзiўнае, кароткае пашчоўкванне. Няцяжка было здагадацца, што ён рабiў: ён схаваў той кавалачак паперы ў сакрэтную скрынку. Потым ён замкнуў буфет i паклаў ключ на старую ступку, што стаяла на самай высокай палiцы.
Пасля нейкi час мы плавалi, i я ныраў пад мост. Нават i не ведаю, як я асмелiўся. Потым Джанатан зрабiў мне вуду, i мы злавiлi некалькi рыб, якiх хапiла нам на абед. Я злавiў цудоўнага акуня, Джанатан - двух.
Мы зварылi рыбу на вялiкiм вогнiшчы ў кацялку, падвешаным над агнём на ланцугу, а калi ўсё з'елi, Джанатан сказаў:
- Зараз, Сухарык, паглядзiм, якi ты стралок. Калi-небудзь табе давядзецца iм стаць.
Ён павёў мяне да стайнi, i там, дзе была ўся збруя, вiселi два лукi. Я здагадаўся, што iх зрабiў сам Джанатан, таму што ён заўсёды iх рабiў дзецям у двары нашага дома ў горадзе. Але гэтыя былi большыя i лепшыя - два сапраўдныя лукi.
