Мы прымацавалi мiшэнь да дзвярэй стайнi i стралялi па ёй цэлы дзень. Джанатан паказваў мне, як гэта робiцца. Я страляў няблага, але, вядома, не так добра, як Джанатан, таму што ў яго было натрэнiраванае трапнае вока.

З Джанатанам было добра. Хаця ён рабiў усё спраўней за мяне, ён нiколi не лiчыў, што робiць штосьцi асаблiвае. Ён нiколi не хвалiўся i рабiў усё так, быццам наогул пра гэта не думае. Бывала, я быў амаль упэўнены, што яму хацелася, каб я рабiў усё лепш, чым ён.

Калi пачало сутонець, Джанатан сказаў, што надышоў час адпраўляцца ў "Залаты Пеўнiк". На яго посвiст прыбеглi Грым i Ф'ялар. Мы iх асядлалi i памчалiся да вёскi.

Раптам я адчуў сябе няёмка i сумеўся. Я не прывык знаёмiцца з людзьмi, асаблiва з такiмi людзьмi, якiя жылi ў Наджыяле, i сказаў пра гэта Джанатану.

- Чаго ты баiшся? Няўжо ты думаеш, што хтосьцi зробiць табе благое?

- Не, вядома, але яны могуць пасмяяцца з мяне.

Мабыць, гэта прагучала смешна i неразумна, але мне заўсёды прыходзiлi ў галаву такiя думкi.

- Ведаеш, мы цябе будзем называць Карлам, таму што Львiнае Сэрца твая мянушка, - сказаў Джанатан. - Сухарык Львiнае Сэрца - гэта сапраўды можа рассмяшыць iх.

Я быў не супраць, каб мяне называлi Карлам. Iмя гэта сапраўды больш падыходзiла да майго прозвiшча.

- Карл Львiнае Сэрца, - прамовiў я. - Карл i Джанатан Львiнае Сэрца едуць вярхом на конях.

"Што ж, гучыць зусiм няблага", - падумаў я.

- Хаця для мяне ты ўсё яшчэ мой Сухарык, - сказаў Джанатан. - I ты гэта ведаеш - цi не так, маленькi Карл?

Неўзабаве мы ўехалi ў вёску. Дарогу было знайсцi няцяжка, таму што яшчэ здаля чулiся гаворка i смех. А крыху счакаўшы, мы ўбачылi i знак у выглядзе вялiзнага пазалочанага пеўня: гэта i быў "Залаты Пеўнiк", падобны на ўсе заезныя дамы, пра якiя мы прывыклi чытаць у кнiгах. Калi святло сяброўства струменiцца з акон, сапраўды перажываеш пачуццё навiзны, iмкнучыся трапiць у заезны дом. Хоць да гэтага я нiколi ў заезных дамах не быў.



17 из 126