
Мiс Люсi была сур'ёзная жанчына i ведала, што маладыя мужчыны часта падлiзваюцца да багатых i старэйшых за сябе жанчын, спадзеючыся ў вынiку выманiць у iх грошы. Але Марыа, ужо не кажучы пра тое, што адмаўляўся ад усялякiх фiнансавых прапаноў, нават не ведаў, што мiс Люсi была намнога багацейшая за сваiх спадарожнiц. Толькi адвакат у Фiладэльфii альбо хто з сямейных яе старажытнага квакерскага роду мог ведаць, наколькi багатая мiс Люсi была на самай справе. Не, калi Марыа хацеў грошай, ён бы засяродзiў увагу на Элен, якая трымала ў руках усе фiнансы i нi на хвiлiну не давала магчымасцi здагадацца, што грошы, якiмi яна распараджаецца, належаць мiс Люсi.
Нiчога ў мiс Люсi, непрыкметнай, апранутай у чорнае мiс Люсi, не сведчыла пра багацце. Праўда, у заручальным пярсцёнку, якi яна насiла як памяць аб мацi, быў даволi каштоўны дыямент. Але толькi вопытны ювелiр мог заўважыць гэта. Што ж датычыцца пярсцёнка з белым блiскучым сапфiрам, дык ён не заслугоўваў таго, каб на яго трацiць час альбо энергiю, i мiс Люсi з радасцю аддала б яго Марыа ў знак удзячнасцi, калi б змагла зняць яго з пальца.
Не, у Мехiка былi тысячы iншых жанчын з куды больш вiдавочнымi прыкметамi багацця. Багатыя, прыгожыя, i любая з iх, вiдаць, з радасцю i гонарам згадзiлася б, каб яе суправаджаў Марыа i - так, мiс Люсi ўспрымала гэта адназначна - аказваў iншыя паслугi.
I ўсё ж... Раптам мiс Люсi спалохалася адсутнасцi логiкi ва ўсiм гэтым. У ёй абудзiўся дзявочы iнстынкт, якi папярэдзiў - небяспека.
I так як мiс Люсi была жанчына сур'ёзная, яна падумала, што трэба прыняць нейкае канчатковае рашэнне. Лежачы цiха пад прасцiнамi, яна прыйшла да вялiкай высновы.
Мiс Люсi i Вера стаялi на аўтобуснай станцыi. Абедзве захуталiся ў палiто, быццам было халоднае надвор'е. Вядома, Вера заўсёды мерзла. Але сёння холад адчувала i мiс Люсi, нягледзячы на цёплую шчодрую цеплыню, якую пасылала вясновае сонца. Яе вочы - i нос - пачырванелi.
