Мiс Люсi нядоўга стаяла на каленях, але яшчэ да таго, як узняцца, адчула прысутнасць некага вельмi блiзка ад сябе, з правага боку. Яна азiрнулася i ўбачыла, што ў царкву зайшоў i ўкленчыў усяго за некалькi метраў ад яе юнак-мексiканец у бездакорна белым гарнiтуры, з набожна схiленай галавой, на якой пералiвалiся густыя валасы. Калi мiс Люсi ўстала, iх позiркi сустрэлiся. Сустрэлiся толькi на адзiн момант, але яна запомнiла жывы выраз твару юнака. Твар колеру мёду i вочы - асаблiва вочы - чорныя i спакойныя, з iх лагоднай i пакорлiвай красой. У вынiку кароткага кантакту ёй здалося, што яна зазiрнула ў душу гэтага дзiўнага горада з яго дзiўнымi жыхарамi. Успамiнаючы пасля гэтага юнака, яна падумала, што яе iмпульсiўнае кленчанне было ў нейкай ступенi вельмi адпаведным учынкам. Але, вядома, яна нiколi не раскажа пра гэта Веры i Элен.

Мiс Люсi выйшла з царквы ў радасным настроi, гатовая адразу ж сесцi за вячэру. Ужо змяркалася, i калi яна, мiнуўшы шумлiвую Ксакала, пайшла па пустой вулiцы, што вяла да гатэля, зрабiлася цёмна, амаль як ноччу. Крокi мiс Люсi па няроўным бруку нязвыкла адгукалiся рэхам. Яно, здавалася, падкрэслiвала яе адзiноту. Да мiс Люсi пачала наблiжацца постаць чалавека - мужчыны, якi, хiстаючыся, спускаўся з пагорка ў яе бок. Мiс Люсi была не з баязлiвых, але, адчуўшы халадок трывогi, зразумела, што незнаёмец п'яны. Яна азiрнулася. Апрача iх, навокал не было нiкога. Мiс Люсi адчула слабае iмкненне вярнуцца да Ксакала, але яна заглушыла яго. Як-нiяк яна - амерыканка, i нiхто не асмелiцца крануць яе. Мiс Люсi рашуча пакрочыла наперад.



4 из 16