Але зярняты страху былi пасеяны, i, калi мiс Люсi параўнялася з незнаёмцам, той зiрнуў з-пад iлба i нахiлiўся ў яе бок. Твар мужчыны быў няголены, вопратка - абтрапаная, акрамя таго, ад яго моцна патыхала тэкiлай*.

* Мексiканская гарэлка з соку альясу (гiшп.).

Незнаёмец пачаў хутка гаварыць па-гiшпанску, але мiс Люсi не магла нiчога разабраць. Яна разумела, што ён жабруе, але прывучаная да арганiзаванай дапамогi бедным, адносiлася да жабракоў на вулiцы без спачування. Мiс Люсi адмоўна пахiтала галавой i паспрабавала прадоўжыць шлях. Але брудная рука не адпускала рукава палiто i цiхае скуголенне працягвалася. Мiс Люсi вызвалiла руку больш рашуча, чым нават хацела. У вачах у мужчыны з'явiлася злосць. Ён абурана ўзняў руку.

Хоць, вiдавочна, ён не збiраўся ўдарыць мiс Люсi, але тая iнстынктыўна адхiнулася - у вынiку абцас чаравiка зашчамiўся памiж камянямi бруку, i яна даволi няўклюдна павалiлася на зямлю. Там i засталася ляжаць з вывернутай нагой, а мужчына пагрозлiва стаяў проста над ёй.

На нейкi момант мiс Люсi ахапiла панiка - сляпы, усеабдымны жах, абсалютна беспадстаўны, улiчваючы ўсю вартую смеху недарэчнасць сiтуацыi.

I тут з цемры з'явiўся яшчэ адзiн чалавек. Стройны мужчына ў белым гарнiтуры.

Мiс Люсi не магла распазнаць яго ў твар, але ведала, што гэта той самы юнак, з якiм яна сустрэлася ў царкве. У цемры ўскiнуўся белы рукаў i адпiхнуў жабрака.

Мiс Люсi ўбачыла, як жабрак падаўся назад i зашоргаў прэч, буркаючы сабе нешта пад нос. Потым адчула, як да яе наблiзiўся малады твар, а моцная рука дапамагла ёй узняцца. Яна не магла зразумець, што гаварыў яе збавiцель, але голас у яго быў лагодны i спагадлiвы.

- Que malo*, - сказаў ён, усмiхнуўшыся ўслед жабраку. - Malo Mexicano**. У месячным святле блiснулi белыя зубы. - Я - Марыа, з царквы, так? Я дапамагаць сеньёра, не?

* Якi дрэнны (гiшп.).

** Дрэнны мексiканец (гiшп.).

Ён, можна сказаць, на руках данёс мiс Люсi, якая выкруцiла ногу, да гатэля, потым у нумар, дзе перадаў пад мiтуслiвую апеку Веры i Элен.



5 из 16