
Чаго б ён толькі не аддаў за ліст з "Хогвартса"… ад каго заўгодна. Ён, пэўна, не адмовіўся б нават пабачыць свайго заклятага ворага, Драко Малфоя, проста каб упэўніцца, што год у школе не быў сном…
І не тое каб гэты год быў такім ужо вясёлым. У самым канцы апошняга семестра Гары давялося тварам да твару сустрэцца з самім лордам Вальдэмортам. З'яўляючыся жаласным падабенствам сябе ранейшага, Вальдэморт быў усё такі ж страшны, усё такі ж хітры, усё такі ж поўны рашучасці ізноў здабыць уладу. Гары другі раз здолеў выслізнуць з ягоных учэпістых лап, але і зараз, праз шмат тыдняў, хлопчык працягваў прачынацца па начах у халодным поце і ўсё думаў аб тым, дзе ж Вальдэморт хаваецца зараз, успамінаў яго зласлівы твар, вытарашчаныя вар'яцкія вочы…
Гары ўсё глядзеў безуважліва на жывую загарадзь - але раптам да яго дайшло, што і загарадзь глядзіць на яго! Пара непраўдападобна вялікіх вачэй зіхацелі сярод лістоты.
Гары ўскочыў на ногі, і тут да яго з іншага боку газона данёсся здзеклівы голас.
- А я ведаю, які сёння дзень, - праспяваў Дадлі, набліжаючыся ўперавалку.
Вялізныя вочы міргнулі і зніклі.
- Што? - перапытаў Гары, не зводзячы вачэй з таго месца, дзе яны толькі што былі.
- Я ведаю, які сёння дзень, - паўтарыў Дадлі, падыйшоўшы яшчэ бліжэй.
- Малайчына, - пахваліў Гары, - ты ўрэшце вывучыў назвы дзён тыдня.
- Сёння твой дзень нараджэння, - ашчэрыўся Дадлі. - Чаму ж табе не даслалі ніводнай паштоўкі? У цябе што, няма сяброў, у тваёй гэтай… куды ты там ходзіш?
- Лепш, каб твая маці не пачула, што ты кажаш пра маю школу, - халодна перасцярог Гары.
Дадлі падцягнуў штаны, якія спаўзалі з круглага жывата.
- А чаго гэта ты ўтаропіўся на загарадзь? - падазрона спытаў ён.
