Сцяна сапраўды аказалася шкляная. Толькi шкло было спецыяльнае. Цвёрдае, трывалае, здольнае вытрымаць моцны ўдар. Ультрагукавым нажом Скрут выразаў праход i прасунуў галаву. Ужо наступiў вечар, i ў сярэдзiне пячоры панаваў змрок. Скрут пакруцiў галавой. Зазначыў, што праз гэта шкло праменнi святла iдуць толькi ў адным напрамку - знутры, i калi вочы прывыклi, ён у дальнiм кутку заўважыў нейкае ўзвышэнне. А на iм... У Скрута моцна забiлася сэрца.

- Балаш, - паклiкаў ён сябра i ўвайшоў у пячору.

Ён не памылiўся. Гэта было ложа, а на iм у скафандры ляжаў... чалавек. Ён быў нежывы, i, вiдаць, даўно. Скрут памкнуўся быў расшпiлiць скафандр на чалавеку. Балаш спынiў яго:

- Не трэба...

Скрут падумаў, што сапраўды гэтаму землянiну ўжо нiчым не дапаможаш. Ён пастаяў, патрымаў руку на яго плячы, нiбы развiтваючыся назаўсёды, i пайшоў аглядаць пячору.

Стала ўжо зусiм цёмна. Балаш уключыў лiхтар. Пячора была амаль пустая. Няроўныя каменныя сцены, такi ж каменны ложак. Побач нешта падобнае на стол. Сям-там Скрут заўважыў раскiданы iнструмент, дэталi, вузлы прыбораў, машын.

- Тут павiнна быць сховiшча... - уголас падумаў ён.

- Так... - згадзiўся Балаш. - Чалавек пражыў у пячоры нямала. Ён недзе трымаў свае прыпасы. Яшчэ павiнна быць недзе рэгенерацыйная ўстаноўка. Без яе ён доўга не вытрываў бы.

Сховiшча было побач з ложкам. Знайшоўшы яго, Балаш зноў падышоў да зямлянiна. Доўга-доўга стаяў над iм, потым працягнуў руку i дакрануўся да яго ног. Пад нячуткiмi ад таўшчынi ахоўнага касцюма пальцамi аказалася пустата. Балаш адышоў i доўга глядзеў праз празрыстую адсюль сцяну ў чорную ноч. Потым, не абарочваючыся, папрасiў:

- Пашукай... Павiнны быць дзённiкi.

Скрут не здагадаўся, што так уразiла таварыша, i, аглядаючы нiшы, раз-пораз кiдаў на яго няўцямныя позiркi.

- Вось, - нарэшце знайшоў ён касеты з крышталiкамi, на якiх касманаўты звычайна запiсвалi ўсё, што лiчылi вартым увагi.



13 из 18