Гэта прынясе Скруту расчараванне, пакiне адчуванне, што iснуе нешта неразгаданае, разгадаць якое ў яго не стала ўмення. I, магчыма, праз усё жыццё ён пранясе ў сабе пачуццё вiны, што мог, але не адкрыў для людзей адну з загадак прыроды. Балаш уздыхнуў i сказаў:

- У нас вельмi мала часу.

Балаш не хлусiў. Праз двое сутак надыходзiў найлепшы момант для старту. Толькi ў гэтым выпадку яны здолеюць сустрэцца з экспедыцыяй у вызначаным пункце прасторы. Любое спазненне прывядзе да таго, што прыйдзецца даганяць зоркалёт, а гэта значыць, давядзецца тармазiць, змяняць курс i зноў разганяцца, што не выключае iншых непрадбачаных непрыемнасцей. Здарылася ж у iх вось тут вымушаная пасадка, калi раптам невядома чаму паскорыўся рэжым работы рухавiкоў. Сiлавое поле планеты яшчэ будуць вывучаць, з гэтага боку некаторыя даследаваннi, якiя яны правялi, прынясуць карысць. Але зараз галоўнае для iх - вярнуцца назад.

- У нас два днi, дзве ночы i яшчэ некалькi гадзiн, - удакладнiў Скрут.

I гэта была праўда. Нейкi час яны сапраўды мелi, i не было патрэбы, каб Скрут абавязкова знаходзiўся гэтыя днi на караблi. Падумаўшы, Балаш амаль здаўся.

- Пагаворым ранiцай, - паабяцаў ён. Свiтанне прыйшло пахмурнае. Шалёны вецер нёс аднекуль з поўдня хмары дробнага пяску. У гэтай рухомай шэрай мешанiне было гэтак жа цяжка арыентавацца, як i ў тумане.

- Можа, пачакаем пагоды? - сказаў Балаш.

- У нас толькi два днi, адна ноч i яшчэ некалькi гадзiн, - паўтарыў свае словы Скрут.

Балаш усмiхнуўся i дазволiў выязджаць. Урэшце, лакатары бачаць i ў больш шчыльным асяроддзi.

Аднак нi Скрут, нi Балаш не ўлiчылi адну акалiчнасць - у гарах, дзе трэба было шукаць агеньчык, давялося хадзiць пешшу, пакiнуўшы ўсе прыборы ў кабiне ўсюдыхода. Скрут вярнуўся нi з чым.

Пад вечар вецер сцiх. Асеў пясок. На пацямнелым небе заблiшчалi зоркi.



4 из 18