
- Не бядуй, - суцяшаў Балаш таварыша, - сёння мы яго абавязкова зловiм.
Яшчэ звечара яны расставiлi прыборы, настроiлi iх. Цяпер, калi з'явiцца агеньчык, яны не толькi даведаюцца напрамак, але i адлегласць да яго з дакладнасцю да аднаго метра. Калi сцямнела, яны занялi пазiцыю на вяршынi ўзгорка.
Час, здавалася, да неверагоднасцi запаволiў свой бег. Яны раз-пораз пазiралi на гадзiннiкi, не давяраючы электроннаму сакратару. Але нават секундная стрэлка быццам ператварылася ў хвiлiнную - так мала абаротаў зрабiла яна па круглым цыферблаце.
Скрут адышоў убок, пакiнуўшы Балаша каля прыбораў. Ён хваляваўся i адчуў патрэбу зараз пабыць аднаму. Прысеў на камень. Пасля цэлага дня блуканняў было прыемна выпрастаць стомленыя ногi. Скрут прыхiнуўся спiной да скалы, з задавальненнем адчуваючы пад эластычным надзейным касцюмам-скафандрам яе зямную цвёрдасць.
Ноч, перадапошняя для iх на гэтай планеце, нячутна накрыла ўсё навокал. Густую непраглядную цемру не маглi перамагчы нi Млечны Шлях, нi яркi Сiрыус, што ў сваёй статычнасцi ўяўляўся як намаляваны. I ўсё астатняе было такое ж далёкае ад рэальнасцi - нерухомае, нежывое. Адно, што здавалася жывым, гэта тая чырвоная кропка, якая няйначай сiгналiла iм аб нечым невядомым i, можа, неабходным для людзей. Хутка яна з'явiцца зноў. Ён даведаецца, дзе яна, i прыйдзе заўтра на тое месца. Чаму ён верыць, што за гэтым агеньчыкам нешта ёсць? А раптам, сапраўды, спадзявацца на нешта незвычайнае можа толькi такi навiчок, як ён?
Ён помнiць выпадак, якi стаў ужо хрэстаматыйным для многiх пакаленняў вучняў касмiчных школ. Некалi два стажоры прыслалi з Марса паведамленне, што сутыкнулiся з рэшткамi невядомай цывiлiзацыi. На здымках, якiя яны перадалi, людзi ўбачылi нешта вельмi падобнае на прылады працы, мудрагелiстай формы фiгуркi, якiя былi або параджэннем фантазii iх стваральнiкаў, або, наадварот, расказвалi аб выглядзе самiх стваральнiкаў.
