Гэта была сенсацыя. На Марс адправiлi вялiкую экспедыцыю. I першае больш-менш дэтальнае абследаванне паказала, што знойдзеныя фiгуркi - рэшткi не загiнуўшай цывiлiзацыi, а метэарыта. Трапiўшы ў атмасферу Марса, ён узарваўся, i асколкi, аплавiўшыся, набылi гэтую дзiўную форму.

Але гэта павiнны былi ўстанавiць самi стажоры. Яны не зрабiлi гэтага, бо такое ўжо вялiкае жаданне ў кожнага маладога касманаўта быць першаадкрывальнiкам. Цi не падобны ён нечым на тых стажораў?

Стала халаднавата. У разрэджанай атмасферы планеты перапады тэмпературы былi вельмi значныя. Скрут уключыў электраабагрэў скафандра. Цяпло разлiлося па целе, настройваючы на мiрны, разважлiвы лад.

Урэшце ўсё мае свой пачатак i канец. Гэта старая iсцiна для Скрута зараз гучала як адкрыццё. Мiнуць яшчэ суткi-другiя, i ён зноў будзе на зоркалёце. Забудуцца гэтыя начныя гадзiны напружанага чакання, i пачнуцца гады, абмежаваныя каютай, салонам i абсерваторыяй. Усё аднастайнае, размеранае, будзённае i таму нiбы запаволенае, як жыццё ў анабiёзе. Працуюць рухавiкi, падтрымлiваючы на зоркалёце ўласную сiлу прыцяжэння. Лiчыльнiкi адзначаюць мiльёны пройдзеных кiламетраў. А ты не бачыш гэтага руху, не жывеш iм. У iлюмiнатарах тая ж чарната, сям-там праткнутая блiскучымi кропкамi. Яна была ўчора, заўчора, месяц назад. Зоркалёт i разам з iм ты нiбы вiсяце ў прасторы на адным i тым жа месцы. I гэтаму вiсенню не вiдно мяжы. I ўжо не верыш нават у тое, што нешта, меўшае пачатак, будзе мець канец.

Скрут разумеў усю недарэчнасць сваiх думак. Бачыў, што яны кладуць адбiтак на яго паводзiны, перажываў, ловячы трывожныя позiркi таварышаў. I не мог нiчога з сабой зрабiць. Яму здавалася, што ён раптам стаў на караблi лiшнi. У той час, як астатнiя працавалi, ён, заняты порканнем у сабе, нiчога карыснага не зрабiў. Павольна i марна цяклi яго днi. Нават астранамiчныя назiраннi, самы ўлюбёны яго занятак, не прыносiлi таго задавальнення, якое ён адчуваў, знаходзячыся на пазаатмасферных станцыях Зямлi. Ён складаў карты, добрасумленна, старанна, як курсант касмiчнай школы на першым годзе навучання. А ў глыбiнi мозгу ўвесь час мiльгаў напамiн, што гэта, бадай, мог бы зрабiць i аўтамат. Здымкi потым прааналiзаваў бы любы спецыялiст. I часам думалася, цi не лепш было быць у анабiёзе?



6 из 18