
Ён узрадаваўся гэтаму разведвальнаму палёту. Сутыкненне з невядомым, хай сабе нежывым светам, - мара кожнага касманаўта. Да таго ж гэта не нерухомасць зоркалёта ў дрэйфе, якi, мiж iншым, нiчым не адрознiваецца ад палёту з субсветлавой хуткасцю: адлегласцi Сусвету былi большыя за людское ўяўленне прасторы i часу. Але цi будзе ён радавацца, калi вернецца? Цi адолее парсекi, якiх не вiдаць i якiя ўсё ж iснуюць, бо выяўляюцца ў бясконцых i нудных гадах? Кажуць, што самы лепшы лекар ад нуды - праца. Увогуле, гэта бясспрэчна. Толькi яму яшчэ трэба, каб праца давала адчувальныя вынiкi, каб яна, задавальняючы цябе, знаходзiла водгук у iншых, была карысная.
Непатрэбнасцi людзям ён баяўся больш за ўсё з таго часу, як пачаў задумвацца над сэнсам свайго iснавання. Ён спадзяваўся, што менавiта тут, у космасе, не толькi нараджаюцца вялiкiя адкрыццi, але i правяраюцца чалавечыя якасцi. I, вiдаць, пераацанiў сам сябе. Космас аказаўся не скарбонкай, поўнай навуковых адкрыццяў. У першую чаргу - гэта будзённасць i цярпенне, якога ў яго, як аказалася, вельмi мала.
Ён i зараз, калi засталося ўсяго некалькi хвiлiн, прыспешвае час. А Балаш зусiм спакойны. Балаш навучыўся чакаць - ён ужо двойчы быў у прасторы. На Зямлi мiнула стагоддзе. Многiх, з кiм Балаш пачынаў, ужо няма. Многiх не застане, калi вернецца адсюль. А скажы, i Балаш яшчэ раз пакiне Зямлю, хоць разам з гэтым ён пакiне апошнiх сваiх блiзкiх. Балаш не сумуе ў космасе, заўсёды роўны, сабраны - згустак энергii i разважлiвасцi. Пэўна, такiм i павiнен быць мудрэц, якi зведаў уладу над сабой i часам.
Нiбы здагадаўшыся, што Скрут думае зараз пра яго, Балаш азваўся:
- Увага!
Скрут зiрнуў на гадзiннiк. Трыццаць секунд, дваццаць... Ён напружыўся i адчуў, што не стае сiлы ўстаць на ногi.
