
Чалавек у расшпiленым кiцелi, якi быў замянiў маладога сувязiста, раптам ускочыў i паглядзеў на камандора, якi падышоў да яго. Тэлеграфiст зняў з галавы слухаўкi, аддаў iх камандору, а сам пачаў рэгуляваць назойлiва хрыплiвы рэпрадуктар. Раптам усе здранцвелi.
У кабiне стаялi людзi, якiя лёталi ўжо шмат год, але гэткага нiхто з iх яшчэ не чуў. Той, чый голас чуўся з рэпрадуктара, змешаны з працяглым шумам, нiбыта адгароджаны сцяной агню, крычаў:
- Альбатрос - усiм - раствор - рулявая рубка - тэмпература - немагчыма экiпаж да канца - бывайце - праводка...
Голас перапынiўся, i стаў чутны толькi шум.
З рэпрадуктара даносiлася нейкае рыпенне. Было цяжка ўстаць, аднак усе паднялiся, згорбiўшыся, абапiраючыся на металiчныя сцены.
- "Балiстычны восем" Месяцу Галоўнаму, - пачуўся моцны голас. - Iду да "Альбатроса-4". Дайце мне дарогу праз сектар 67, iду поўным ходам, манеўраваць пры абыходах не магу. Прыём.
Некалькi секунд панавала маўчанне.
- Месяц Галоўны да ўсiх у сектарах 66, 67, 68, 46, 47, 48 i 96. Аб'яўляю сектары закрытымi. Усе караблi, якiя не iдуць поўным ходам да "Альбатроса-4", павiнны неадкладна застопарыць i паставiць рэактары на халасты ход, а таксама запалiць пазiцыйныя агнi. Увага, "Парыў"! Увага, "Тытан" Марс - Зямля! Увага, "Балiстычны восем"! Увага, "Кобальд сем нуль два"! Да вас звяртаецца Месяц Галоўны! Адкрываю вам вольную дарогу да "Альбатроса-4". Усякi рух у сектары вядучага радыуса пункта SOS прыпыняецца. Пачынайце тармазiць у нанапарсеку ад пункта SOS. Сачыце, каб тармазныя агнi ў аптычным радыусе "Альбатроса" былi патушаныя, бо яго экiпаж ужо мог пакiнуць карабель. Хай пашанцуе. Хай пашанцуе. Канец.
А зараз адгукнуўся "Парыў" - марзянкай. Пiркс услухоўваўся ў пiшчанне сiгналаў:
"Парыў Марс - Месяц да ўсiх хто iдзе на дапамогу Альбатросу чатыры кропка ўвайшоў у сектар Альбатроса кропка праз 18 хвiлiн буду ля яго кропка ў мяне перагрэўся рэактар коска пашкоджана сiстэма ахалоджвання кропка пасля выратавальных работ мне патрэбна медыцынская дапамога кропка пачынаю тармазiць поўным заднiм ходам кропка канец".
