
- Ага. Я сам. Дайце.
Ён падцягнуў да сябе мiкрафон i стаў гаварыць:
- "Тытан" Марс - Зямля "Альбатросу-4". Iдзём да вас поўным ходам. Знаходзiмся на гранiцы вашага сектара. Будзем праз гадзiну. Паспрабуйце выйсцi праз аварыйны люк. Будзем каля вас праз гадзiну. Iдзём поўным ходам. Трымайцеся. Трымайцеся. Канец.
Ён адштурхнуў мiкрафон i ўстаў. Мiндэл гаварыў па ўнутраным тэлефоне ля супрацьлеглай сцяны:
- Хлопцы, праз пяць хвiлiн поўны ход. Ага, так, - адказваў ён таму, хто быў на другiм канцы провада.
Камандор выйшаў. З другога пакоя быў чуваць яго голас:
- Увага! Увага! Пасажыры! Увага! Увага! Пасажыры! Перадаём важнае паведамленне! Праз чатыры хвiлiны наш карабель прыбавiць хуткасць. Мы атрымалi сiгнал SOS i спяшаемся...
Нехта зачынiў дзверы. Мiндэл дакрануўся да пляча Пiркса.
- Трымайцеся за што-небудзь. Зараз будзе больш за два.
Пiркс хiтнуў галавой. Два жэ - гэта для яго нiчога не значыла, але ён разумеў, што зараз не час выхваляцца сваёй вынослiвасцю. Паслухмяна ўзяўся за падлакотнiк крэсла, у якiм сядзеў пажылы тэлеграфiст, i зноў чытаў праз яго плячо:
"Альбатрос чатыры Тытану кропка на працягу гадзiны не пратрымаюся на палубе кропка аварыйны люк зацiснула пэнкаючымi шпангоўтамi кропка тэмпература ў рулявой рубцы 81 кропка пара паступае ў рубку кропка паспрабую разрэзаць браню на носе i выйсцi кропка канец".
Мiндэл выхапiў у яго з рук спiсаны бланк i пабег у другi пакой. Калi ён адчыняў дзверы, падлога крыху здрыганулася, i ўсе адчулi, што iх целы набрынялi цяжарам.
Увайшоў камандор - ён ступаў з вiдочным высiлкам. Сеў у сваё крэсла. Хтосьцi падаў яму вiсячы мiкрафон. У руках ён трымаў скамячаны лiсток апошнюю радыёграму з "Альбатроса". Камандор выпрастаў лiсток i доўга пазiраў на яго.
- "Тытан" Марс - Зямля "Альбатросу-4", - прамовiў ён нарэшце. - Будзем каля вас праз пяцьдзесят хвiлiн. Падыдзем курсам восемдзесят чатыры коска пятнаццаць кропка восемдзесят адзiн коска два кропка пакiдайце карабель. Пакiдайце карабель. Мы знойдзем вас. Так, знойдзем вас. Трымайцеся. Канец.
