
- Вар'ят, - прамовiў нехта, i тады ўсе, хто стаяў да гэтага часу нiбыта статуi, пачалi шукаць вачыма таго, хто гэта сказаў. Пачулася кароткае, гнеўнае мармытанне.
- "Парыў" з'явiцца першы, - сказаў Мiндэл i зiрнуў на камандора.
- Яму самому патрэбна будзе дапамога. Праз сорак хвiлiн...
Ён змоўк. Рэпрадуктар усё хрыпеў i хрыпеў. Раптам праз трэск пачулася:
- "Парыў" Марс - Месяц да ўсiх, хто iдзе на дапамогу "Альбатросу-4". Знаходжуся ў аптычным радыусе "Альбатроса". "Альбатрос" дрэйфуе прыблiзна па элiпсе Т-348. Карма напалiлася да вiшнёвага колеру. Сiгнальных агнёў няма. "Альбатрос" не адказвае на пазыўныя. Спыняюся i распачынаю выратавальныя аперацыi. Канец.
У другiм пакоi адгукнулiся зумеры. Мiндэл i яшчэ адзiн мужчына выйшлi. У Пiркса ад напружання здранцвелi ўсе мышцы. Божа! Як хацелася яму быць там! Вярнуўся Мiндэл.
- Што там? - спытаўся камандор.
- Пасажыры пытаюцца, калi можна будзе танцаваць, - адказаў Мiндэл. Пiркс нават не пачуў гэтага. Ён пазiраў у рэпрадуктар.
- Ужо хутка, - спакойна адказаў камандор. - Уключыце мне аптычную сувязь. Мы падыходзiм. Праз некалькi хвiлiн павiнны ўбачыць iх. Калега Мiндэл, дайце другое папярэджанне - мы будзем тармазiць на фарсажы.
- Ёсць, - адказаў Мiндэл i выйшаў.
Рэпрадуктар загуў, i пачуўся голас:
- Месяц Галоўны "Тытану" Марс - Зямля, "Кобальду сем нуль два"! Увага! Увага! Увага! "Балiстычны восем" заўважыў у цэнтры сектара 65 аб'ект свяцiльнасцю мiнус чатыры. "Парыў" i "Альбатрос" не адказваюць на пазыўныя. Iснуе магчымасць выбуху рэактара на "Альбатросе". Для захавання бяспекi пасажыраў "Тытан" Марс - Зямля павiнен застопарыць i неадкладна адгукнуцца. "Балiстычны восем" i "Кобальд сем нуль два" дзейнiчаюць далей згодна са сваiм рашэннем. Паўтараю: "Тытан" Марс - Зямля павiнен...
