Суседка працягвала чытаць. Цi варта кабетам фарбаваць валасы ў гэткi колер? У нармальнага чалавека ён выклiкае... Але ёй, ёй гэткi колер быў якраз да твару. Пiркс падумаў, што, калi б ён трымаў у руцэ запаленую цыгарэту, патрэбныя словы адразу ж знайшлiся б. Палез у кiшэню.

Партабак, якi ён даставаў - нiколi раней ён не меў партабака, а гэты атрымаў у падарунак ад Бомана, на памяць, i насiў у знак дружбы, - гэты партабак нiбыта стаў крыху цяжэйшым. Толькi крышку. Але ён гэта адразу адчуў. Павялiчвалася паскарэнне?

Пiркс прыслухаўся. Ага.

Рухавiкi працавалi на вялiкай магутнасцi. Звычайны пасажыр гэтага зусiм не заўважыў бы: машынная зала "Тытана" была адасоблена ад пасажырскай часткi корпуса чатырма iзаляцыйнымi пераборкамi.

Пiркс выбраў сабе бледную зорачку ў самым куточку аконнай рамы i не зводзiў з яе вачэй. Калi яны проста набiраюць хуткасць, зорачка не зрушыцца з месца. А калi яна здрыганецца...

Зорачка здрыганулася. I паволi - надзвычай марудна - паплыла ўбок.

"Паварот вакол вялiкай восi", - падумаў ён.

"Тытан" ляцеў па "касмiчным тунелi", у якiм на трасе не было нiчога - нi пылу, нi метэарытаў, нiчога, акрамя пустэчы. Наперадзе, на адлегласцi тысяча дзевяцьсот кiламетраў ад яго, iмчаў лоцман "Тытана", задача якога была забяспечыць свабодны шлях гiганту. Навошта? На ўсякi выпадак - хоць шлях i так быў свабодны. Ракеты дакладна вытрымлiвалi расклад руху, "Трансгалактыку" быў гарантаваны палёт без перашкод па выдзеленым адрэзку парабалы на падставе пагаднення, заключанага Аб'яднаным Астранавiгацыйным таварыствам. Нiхто не мог заняць яго трасу. Метэарытныя зводкi паступалi цяпер загадзя, за шэсць гадзiн - з той пары як тысячы аўтаматычных зондаў сталi патруляваць сектары за арбiтай Урана, ракетам практычна перастала пагражаць якая-небудзь небяспека звонку. Пояс, на арбiтах якога памiж Зямлёй i Марсам насiлiся мiльярды метэарытаў, меў сваю патрульную службу, да таго ж ракетныя трасы праходзiлi па-за плоскасцю эклiптыкi, у якой круцiцца вакол Сонца грымлiвы метэарытны пояс. Прагрэс - нават з таго часу, калi Пiркс лётаў на патрульнай ракеце, быў вялiкi.



4 из 15