
Словам, "Тытан" не меў жаднай патрэбы лавiраваць - ён не мог сустрэць нiякiх перашкод, бо iх проста не iснавала. I ўсё-такi карабель рабiў паварот. Цяпер Пiрксу не трэба было нават глядзець на зорнае неба - ён адчуваў гэта ўсiм целам. Калi б ён захацеў, то, ведаючы хуткасць карабля, яго масу i хуткасць перамяшчэння зорак, ён мог бы вылiчыць крывiзну траекторыi.
"Штосьцi здарылася, - падумаў Пiркс. - Але што?"
Пасажырам нiчога не паведамлялi. Хiба што хаваюць штосьцi? Пiркс вельмi дрэнна разбiраўся ў парадках, што панавалi на пасажырскiх караблях люкс. Затое ён ведаў, што можа здарыцца ў машынным аддзяленнi, у рулявой рубцы... Гэта не надта вялiкая гаспадарка. У выпадку аварыi карабель захаваў бы ранейшую хуткасць альбо збавiў бы яе. Аднак "Тытан"?..
Гэта доўжылася ўжо чатыры хвiлiны. Значыць, ракета збочыла амаль на 45 градусаў. Цiкава.
Зоркi знерухомелi.
Карабель iшоў прамым курсам. Цяжар партабака, якi Пiркс усё яшчэ трымаў у руцэ, павялiчыўся.
Яны iшлi прамым курсам i набiралi хуткасць. Адразу ўсё стала зразумела. Яшчэ секунду Пiркс сядзеў нерухома, пасля ўстаў. Цяпер вага яго была большая. Шэравокая пасажырка зiрнула на яго.
- Што-небудзь здарылася?
- Нiчога асаблiвага.
- Але штосьцi змянiлася. Вы не адчуваеце?
- Дробязь. Крыху павялiчылася хуткасць, - сказаў ён.
Якраз цяпер быў самы час распачынаць з ёй гаворку. Ён зiрнуў на яе. Колер валасоў не перашкаджаў. Яна была вельмi прыгожая.
Ён пайшоў наперад. Паскорыў крок. Жанчына, напэўна, падумала, што ён звар'яцеў. На сценах палубы красавалiся рознакаляровыя фрэскi. Праз дзверы з надпiсам "КАНЕЦ ПАЛУБЫ - ПАБОЧНЫМ УВАХОД ЗАБАРОНЕНЫ" ён выйшаў у доўгi пусты калiдор, якi пры святле лямпаў аддаваў металiчным бляскам. Замiльгалi шэрагi дзвярэй з нумарамi. Ён кiраваўся далей. Арыентаваўся на слых. Падняўся па сходках на паўпаверха i спынiўся ля другiх дзвярэй. Сталёвых.
