Кантрольныя лямпы гарэлi на ўсiх сценах. Усё гэта было падобна на мiжгародную тэлефонную станцыю. Тэлеграфiсты амаль ляжалi на сваiх столiках-канторках. На iх былi толькi сарочкi i штаны. Твары iх блiшчалi ад поту, - адзiн быў бледны, другi, старэйшы, са шрамам на галаве, меў такi выгляд, нiбыта нiчога не здарылася. Дужка слухавак падзяляла валасы, i шрам быў добра бачны. Два чалавекi сядзелi крышку ўбаку; Пiркс зiрнуў на iх i ў адным пазнаў камандора, альбо, як клiкалi яго тут - першага.

Яны былi крыху знаёмыя. Камандор "Тытана" быў невысокi, сiваваты, з маленькiм, невыразным тварам. Паклаўшы нагу на нагу, ён, здавалася, разглядваў насок чаравiка.

Пiркс цiхенька наблiзiўся да людзей, якiя стаялi ля тэлеграфiстаў, схiлiўся i пачаў чытаць праз плячо таго, што са шрамам:

"...шэсць васемнаццаць коска тры iду поўным ходам дайду восем нуль дванаццаць канец".

Тэлеграфiст падсунуў левай рукой бланк i працягваў няспынна запiсваць.

"Месяц Галоўны Альбатросу чатыры Марс працяжнiк Месяц кропка цi маеце пашкоджаннi кропка адказвайце Морзе кропка радыёфон не даходзiць кропка колькi гадзiн можаце пратрымацца на аварыйнай цязе кропка пеленгаваны дрэйф нуль шэсць коска дваццаць адзiн кропка прыём".

"Парыў два Марс працяжнiк Месяц Месяцу Галоўнаму кропка iду поўным ходам да Альбатроса сектар 64 кропка ў мяне перагрэўся рэактар кропка нягледзячы на гэта iду далей кропка знаходжуся шэсць нанапарсекаў ад пункта коска запеленгаванага SOS кропка канец".

Раптам другi радыётэлеграфiст, той, бледны, выцiснуў нейкi невыразны гук усе, хто стаяў, схiлiлiся над iм. Чалавек, якi ўпусцiў Пiркса, падаў камандору запоўненыя бланкi. Другi тэлеграфiст пiсаў:

"Альбатрос чатыры ўсiм кропка ляжу ў дрэйфе элiпс Т-341 сектар 65 кропка абшыўка корпуса трэскаецца далей кропка кармавыя пераборкi не вытрымлiваюць кропка аварыйная цяга рэактара нуль тры жэ кропка рэактар выходзiць з-пад кантролю кропка галоўная перагародка пашкоджана ў многiх месцах кропка пашкоджанне на трэцяй палубе павялiчваецца пад уплывам аварыйнай цягi кропка спрабую цэментаваць кропка пераводжу экiпаж у насавую частку кропка канец".



7 из 15