
У радыётэлеграфiста трымцелi рукi, калi ён пiсаў. Адзiн з тых, хто стаяў побач, узяў яго за каўнер сарочкi, падняў, выпхнуў за дзверы, выйшаў сам, але праз хвiлiну вярнуўся i сеў на яго месца.
- У яго там брат, - патлумачыў ён, не звяртаючыся нi да каго.
Цяпер Пiркс схiлiўся над старшым радыётэлеграфiстам, якi нечакана пачаў пiсаць:
"Месяц Галоўны Альбатросу чатыры Марс працяжнiк Месяц кропка iдуць да вас Парыў з сектара 64 Тытан з сектара 67 Балiстычны восем з сектара 44 Кобальд сем нуль два з сектара 94 кропка цэментуйце перагародкi ў скафандрах за шчытамi пры павялiчаным цiску кропка паведамiце аварыйны дрэйф на гэты час кропка..."
Чалавек, якi замянiў маладога тэлеграфiста, гучна прамовiў: "Альбатрос!" i ўсе схiлiлiся над iм. Ён пiсаў:
"Альбатрос чатыры да ўсiх кропка аварыйны дрэйф не выяўлены кропка шпангоўты корпуса плавяцца кропка губляю паветра кропка экiпаж у скафандрах кропка машыннае аддзяленне залiтае цепланосьбiтам кропка шчыты прабiтыя кропка тэмпература ў рубцы 63 градусы першая прабоiна ў рубцы зацэментавана кропка залiвае галоўны перадатчык кропка цяпер буду трымаць сувязь толькi па радыёфоне кропка чакаем вас кропка канец".
Пiркс хацеў запалiць - палiлi амаль усе, i было бачна, як дым сiнiмi стужкамi ляцiць угару, да вентыляцыйных адтулiн. Ён шукаў па ўсiх кiшэнях цыгарэты i не мог знайсцi. Хтосьцi - ён нават не бачыў хто - усунуў яму ў руку адкрыты пачак. Ён запалiў. Камандор сказаў:
- Калега Мiндэл, - на iмгненне ён прыкусiў нiжнюю губу, - поўны ход.
Мiндэл спачатку, вiдаць, быў разгублены, але нiчога не прамовiў.
- Даць папярэджанне? - спытаў чалавек, якi сядзеў побач з камандорам.
