Ды ў гэтай абсалютнай цiшынi яго словы прагучалi недарэчна, - нават ён сам гэта адчуў. I тут ён зразумеў, што вайна будзе сапраўды не на жыццё, а на смерць. I яго смерць - цi смерць гэтай круглай iстоты - будзе смерцю цэлай цывiлiзацыi. Калi ён пацерпiць паражэнне, гэта прывядзе да пагiбелi чалавецтва.

Падумаўшы гэтак, ён раптам адчуў страх. Ён жа ведаў гэта напэўна, без нiякага сумнення. Ён чамусьцi ведаў, што той, хто наладзiў гэты паядынак, гаварыў праўду пра свае намеры i магчымасцi. Не абдурваў.

Будучыня чалавецтва залежыць ад яго. Пра гэта было страшна падумаць, i ён адагнаў гэтую думку. Трэба было падумаць пра пiльныя справы.

Павiнен жа быць якi-небудзь спосаб пранiкнуць праз бар'ер - цi забiваць праз бар'ер.

З дапамогай тэлепатыi? Ён спадзяваўся, што не, таму што тэлепатычныя здольнасцi Прышэльца яўна перавышалi чалавечыя. А можа, не перавышалi? Змог жа ён выгнаць з свайго розуму думкi Прышэльца. А Прышэлец? Калi ў яго мацней развiта здольнасць перадаваць свае думкi, цi не робiць гэта яго больш уразлiвым для чужых?

- Памры, - падумаў ён. - Ты зараз памрэш. Ты памiраеш. Ты...

Ён спрабаваў некалькi разоў, у розных варыянтах, спрабаваў перадаваць вобразы. Пот выступiў у яго на лбе, ён увесь калацiўся ад напружання. Але Прышэлец працягваў абмацваць куст - усё гэта зрабiла на яго не большае ўражанне, чым калi б Карсан расказваў таблiцу множання. Значыць, нiчога не выйшла.

Ад гарачынi i страшнага напружання думкi ён зноў адчуў слабасць i галавакружэнне. Ён прысеў на пясок адпачыць i заняўся пiльным вывучэннем Прышэльца. Мажлiва, ён зможа выявiць яго моцныя i слабыя бакi, даведаецца пра што-небудзь такое, што можа спатрэбiцца, калi справа дойдзе да рукапашнай.

Прышэлец абломваў галiнкi. Карсан уважлiва сачыў за iм, спрабуючы вызначыць, якiх гэта патрабуе ад яго намаганняў. Трэба будзе знайсцi такi самы куст на маiм баку, падумаў ён, самому зламаць такiя самыя галiнкi i параўнаць сiлу маiх рук i гэтых шчупальцаў.



10 из 28