
Карсан падняў камень - сваю адзiную зброю, потым дэманстратыўна шпурнуў яго на зямлю i ўзняў перад сабою пустыя рукi далонямi ўперад. Ён загаварыў, хоць i ведаў, што яго словы будуць незразумелыя гэтай iстоце, - але ён падумаў, што гэтак яму будзе лягчэй засяродзiцца на думках, якiя ён хацеў перадаць.
- А можа, мы заключым мiр? - сказаў ён, i ягоны голас дзiўна прагучаў у абсалютнай цiшынi. - Нам сказалi, што адбудзецца, калi нашы цывiлiзацыi будуць ваяваць адна з адной: знiшчэнне адной i аслабленне i рэгрэс другой. Зыход бiтвы залежыць ад таго, чым скончыцца справа ў нас. Цi не заключыць нам мiр. Вы застаяцеся ў сваёй галактыцы, мы - у сваёй?
Карсан адключыў усе свае думкi, каб атрымаць адказ.
I адказ прыйшоў - ён абрынуўся на яго амаль фiзiчна, аж Карсан пахiснуўся. Ён нават адступiў на некалькi крокаў, жахаючыся ад сiлы i глыбiнi той нянавiсцi, той прагi забiваць, якiя адкрылiся перад iм у перададзеных Прышэльцам вобразах. Не ў членападзельных словах, як перадавалiся яму думкi Адзiнай Iстоты, а ў хвалях дзiкага шаленства. Нейкi момант, што здаўся яму вечнасцю, ён змагаўся з сiлай гэтай нянавiсцi, каб ачысцiць ад яе свой розум i адагнаць чужыя думкi, якiя ён дапусцiў сабе ў галаву. Яго занудзiла.
Ягоны розум памалу вызвалiўся, як чалавек, ачуняўшы ад кашмару, пакрысе разрывае нiцi трызнення, якiмi быў аблытаны, Карсан яшчэ задыхаўся i чуў слабасць, але ён ужо мог думаць.
Ён стаяў, разглядаючы Прышэльца. Той не кратаўся з месца, пакуль iшла гэтая дуэль, якой ён ледзь не выйграў. Цяпер ён адкацiўся на некалькi футаў убок, да блiжэйшага блакiтнага куста. З выемак паказалiся тры шчупальцы i пачалi абмацваць куст, галiнка за галiнкай.
- Што ж, - сказаў Карсан, - вайна дык вайна. Яму ўдалося нават крыва ўхмыльнуцца. - Калi я правiльна цябе зразумеў, мiр цябе не задавальняе.
I, не могучы ўстрымацца ад прыгожай фразы, дадаў:
- Вайна - не на жыццё, а на смерць!
