
Галiнкi адломвалiся з цяжкасцю; ён бачыў, што Прышэльцу даводзiлася з кожнай парадкам паваждацца. Кожнае шчупальца на канцы раздвойвалася, утвараючы два пальцы з кiпцюром на кожным. Кiпцюры выглядалi не надта небяспечнымi. Не больш небяспечнымi за чалавечыя пазногцi, калi даць iм крыху падрасцi.
Не, увогуле з iм не так цяжка будзе справiцца. Вядома, калi гэтыя кусты не вельмi моцныя. Карсан азiрнуўся вакол i ўбачыў якраз такi самы куст побач з сабой. Ён працягнуў руку i адламаў галiнку. Яна аказалася крохкай i нетрывалай. Вядома, Прышэлец мог наўмысна хаваць сваю сiлу, але наўрад цi.
З другога боку, дзе яго ўразлiвыя месцы? Як, уласна, можна яго забiць, калi выпадзе такая мажлiвасць? Ён зноў пачаў вывучаць працiўнiка. Яго вонкавая абалонка выглядала даволi моцнай. Спатрэбiцца якая-небудзь вострая зброя. Карсан зноў падняў камень. Ён быў цаляў 12 у даўжыню, вузкi i з адным досыць вострым краем. Калi б ён шчапаўся, як крэмень, з яго можна было б зрабiць зусiм прыстойны нож.
Прышэлец працягваў даследаваць кусты. Ён падкацiўся да блiжэйшага куста iншай разнавiднасцi. З-пад куста выскачыла блакiтная шматногая яшчарка - якраз такая самая, якую Карсан бачыў на сваiм баку.
Шчупальца Прышэльца кiнулася, схапiла яе i падняло ў паветра. Другое шчупальца пачало абрываць ёй ногi - спакойна i абыякава, як быццам гэта былi галiнкi. Яшчарка сутаргава бiлася, вiшчала рэзкiм вiскам - першы гук, якi Карсан пачуў тут, калi не лiчыць свайго голасу.
Карсан здрыгануўся, яму захацелася адвесцi вочы. Але ён прымусiў сябе глядзець - усё, што ён дазнаецца пра Прышэльца, можа аказацца карысным. Карысна нават бачыць гэту непатрэбную жорсткасць. Будзе проста прыемна прыкончыць гэту iстоту, калi гэта ўдасца.
Менавiта таму ён стрымлiваў агiду i працягваў глядзець, як Прышэлец iрве яшчарку на кавалкi.
Але ён узрадаваўся, калi яшчарка, у якой была ўжо адарвана палова ног, сцiхла, перастала бiцца i вiсела мёртвая ў Прышэльцавых шчупальцах.
