
Той не стаў адрываць ёй астатнiх ног i пагардлiва адкiнуў яе цела ў бок Карсана. Мёртвая яшчарка ўпала ля самых яго ног.
Яна мiнула бар'ер! Бар'ера болей няма! Карсан iмгненна ўсхапiўся, моцна сцiскаючы ў руцэ нож, i скочыў уперад. Зараз ён з iм расправiцца! Калi бар'ера няма...
Але бар'ер быў. Ён пераканаўся ў гэтым на горкiм вопыце, наляцеўшы на яго галавой i ледзь не страцiўшы прытомнасць ад удару. Яго адкiнула назад, i ён упаў.
Калi ён зноў сеў, трасучы затуманенай галавой, ён заўважыў, што ў яго бок нешта ляцiць, i, каб ухiлiцца, распластаўся на пяску. Ён убярог сваё тулава, але адчуў раптоўны востры боль у левай лытцы.
Не зважаючы на боль, ён адкацiўся назад i падняўся на ногi. Цяпер ён бачыў, што ў яго папаў камень, а Прышэлец ужо падняў другi, захапiўшы яго двума шчупальцамi, i замахнуўся.
Камень паляцеў у Карсана, але ён лёгка ўхiлiўся. Прышэлец, вiдавочна, не мог кiдаць камянi моцна i далёка. Першы камень папаў у яго толькi таму, што ён сядзеў i не бачыў, што ён ляцiць.
Ухiлiўшыся ад слаба кiнутага другога каменя, Карсан запусцiў у Прышэльца сваiм каменем, якi ўсё яшчэ быў у яго ў руцэ. Ён раптам узрадаваўся, падумаўшы: калi камянi могуць пералятаць праз бар'ер, то варта гэтым заняцца. Чалавек з дужай рукой i дакладным вокамерам...
З чатырох метраў ён не мог прамахнуцца па трохфутавай мiшэнi, i ён не прамахнуўся. Камень праляцеў дакладна i моцна - у некалькi разоў хутчэй, чым камянi, кiнутыя Прышэльцам. Ён трапiў у самую сярэдзiну, ды, на няшчасце, трапiў плазам, а не вострым канцом.
Тым не менш ён трапiў - пачуўся цяжкi ўдар, i Прышэлец яўна яго адчуў. Ён гэтым часам шукаў яшчэ каменя, але цяпер перадумаў i адкацiўся назад. Да таго часу, як Карсан падрыхтаваўся да новага кiдка, Прышэлец быў ужо за сорак метраў ад бар'ера i працягваў кацiцца назад.
Другi раз Карсан прамахнуўся на некалькi футаў, а трэцi камень не даляцеў. Прышэлец быў па-за межамi дасягальнасцi - ва ўсякiм разе, для досыць цяжкага каменя, якi мог бы зрабiць яму шкоду.
