
Карсан усмiхнуўся. Гэты раўнд ён выйграў. Калi не лiчыць...
Ён нагнуўся, каб паглядзець, што ў яго з нагой, i ўсмешка знiкла з яго вуснаў. Востры край каменя нанёс яму даволi глыбокую рану на некалькi цаляў даўжынёй. З яе моцна iшла кроў, хоць артэрыя, хутчэй за ўсё, закранута не была. Калi кроў спынiцца сама, усё будзе ў парадку. А калi не, справы дрэнь.
Але трэба было заняцца чымсьцi важнейшым за гэту рану. Будовай бар'ера.
Ён зноў падышоў да бар'ера, выцягнуўшы ўперад рукi. Ён знайшоў бар'ер i, упiраючыся ў яго адной рукой, кiнуў у яго жменю пяску. Пясок праляцеў наскрозь, а яго рука - не.
Арганiка i неарганiка? Не, таму што праз бар'ер праляцела мёртвая яшчарка, а яшчарка, нават мёртвая, - гэта ўсё роўна арганiка. А раслiна? Ён адламаў сучок i торкнуў iм у бар'ер. Сучок прайшоў наскрозь, але калi да бар'ера дакранулiся яго пальцы, якiя сцiскалi сучок, яны не прайшлi.
Значыць, Карсана бар'ер не прапускае, i Прышэльца таксама. А камянi, пясок, мёртвую яшчарку...
А жывая яшчарка? Ён пачаў паляваць на iх пад кустамi i хутка злавiў адну. Ён асцярожна кiнуў ёю ў бар'ер, i яна адляцела назад i пабегла прэч па блакiтным пяску.
Наколькi можна было меркаваць, гэта быў канчатковы адказ. Бар'ер перагароджваў шлях жывым iстотам. Нежывое i неарганiчнае рэчыва маглi пранiкаць праз яго.
Высветлiўшы гэта, Карсан зноў паглядзеў на сваю параненую нагу. Кроў iшла слабей - гэта значыла, што яму не трэба думаць пра турнiкет. Але трэба было знайсцi крыху вады, каб абмыць рану.
Пры думцы пра ваду ён зразумеў, што страшна хоча пiць. Калi схватка зацягнецца, рана цi позна неабходна будзе знайсцi ваду.
Накульгваючы, ён пачаў абход сваёй паловы арэны. Кранаючыся бар'ера адной рукой, ён дайшоў да паўкруглай сцяны. Яна была бачная - зблiзку яна здавалася шэра-блакiтнай - а навобмацк была акурат такая, як i бар'ер.
