Карсан схапiў камень i прыгнуўся, гатовы адбiць напад. Працiўнiк наблiжаўся - ён рухаўся хутчэй, чым мог бы бегчы Карсан.

Не было калi думаць пра тое, як змагацца з iм, ды i як можна было загадзя ўявiць сабе змаганне з iстотай невядомай сiлы, невядомай будовы, з невядомымi прыёмамi барацьбы?

Дзесяць метраў. Пяць. I тут яно спынiлася.

Правiльней, яго штосьцi спынiла. Яго пярэдняя частка раптам стала пляскатай, нiбыта яно наткнулася на невiдочную сцяну. Яно нават адскочыла назад.

Потым яно зноў пакацiлася ўперад, ды ўжо павальней, асцеражней. I ў тым самым месцы зноў спынiлася. Паспрабавала ў iншым месцы - i таксама спынiлася.

Памiж iмi быў нейкi бар'ер. I Карсан успомнiў: "Справу вырашыць не выпадковая фiзiчная перавага. Памiж вамi бар'ер".

Гэта, вядома, нейкае сiлавое поле. Не поле Нетцы, вядомае на Зямлi: яно свяцiлася i патрэсквала. Гэтае было невiдочнае i не выдавала нiякiх гукаў.

Бар'ер iшоў ад аднаго краю перакуленага паўшар'я да другога. Карсану не давялося самому ў гэтым пераканацца - гэта зрабiў Прышэлец. Ён бокам пракацiўся ўздоўж бар'ера i не знайшоў праходу.

Карсан ступiў паўтузiна крокаў уперад, выцягнуўшы перад сабой левую руку, i нарэшце дакрануўся да бар'ера. Ён быў гладкi, пругкi, падобны болей на гуму, чым на шкло. Цёплы навобмацак, але не цяплейшы за пясок пад нагамi. I ён быў зусiм нябачны, нават зблiзку.

Ён кiнуў камень i налёг на бар'ер абедзвюма рукамi. Бар'ер як быццам крыху падаўся. Але не больш, нават пасля таго, як Карсан навалiўся на яго ўсёй сваёй вагою. Гэта было падобнае на сталь, пакрытую слоем гумы. Да нейкай мяжы пругкасць, а далей - несакрушальная цвёрдасць.

Ён прыўзняўся на наскi, але там, куды ён мог дацягнуцца, быў бар'ер.

Прышэлец, дакацiўшыся да краю арэны, вяртаўся. У Карсана зноў закружылася галава, яму стала моташна, i ён адступiў ад бар'ера. Але Прышэлец не спынiўся.



7 из 28