А цi далёка iдзе бар'ер унiз. Карсан устаў на каленi i пачаў раскопваць пясок. Пясок быў лёгкi, рыхлы, капаць яго было лёгка. Ён выкапаў яму глыбiнёй на два футы, - i бар'ер там усё яшчэ быў.

Прышэлец зноў кацiўся да яго. Вiдавочна, ён нiдзе не знайшоў праходу.

Але ж павiнен быць спосаб пранiкнуць праз бар'ер, падумаў Карсан. Мы павiнны неяк дабрацца адзiн да аднаго. Iначай уся гэтая дуэль не мае сэнсу.

Але не трэба спяшацца. Спачатку трэба паспрабаваць што-колечы яшчэ. Прышэлец ужо вярнуўся i спынiўся з таго боку бар'ера, усяго за нейкiх метры два ад Карсана. Здавалася, ён разглядае яго, хоць Карсан нiяк не мог выявiць у яго якiх бы там нi было органаў пачуццяў. Нiчога падобнага на вочы, вушы, нават на рот. Зрэшты, цяпер ён убачыў на паверхнi з дзесятак выемак, i якраз у гэты час з дзвюх такiх выемак раптам высунулiся два шчупальцы, якiя пагрузiлiся ў пясок, быццам спрабуючы ягоную шчыльнасць. Шчупальцы былi каля цалi дыяметрам i фута паўтара даўжынёй. Яны ўбiралiся ў выемкi, калi ў iх не было патрэбы - напрыклад, калi Прышэлец кацiўся. Да яго спосабу перамяшчэння яны, вiдавочна, не мелi дачынення. Наколькi Карсан мог меркаваць, Прышэлец перакочваўся, неяк змяняючы размяшчэнне свайго цэнтра цяжару, хоць як ён мог гэта рабiць, Карсан не меў нават далёкага ўяўлення.

Яшчэ раз паглядзеўшы на Прышэльца, ён здрыгануўся. Гэта была iстота, да жудасцi чужая ўсяму зямному, усiм формам жыцця, выяўленым на iншых планетах Сонечнай сiстэмы. I ён iнстынктыўна адчуў, што розум, якiм надзелена гэтая iстота, гэтаксама чужы ўсяму зямному, як i ягоны арганiзм.

Ды паспрабаваць трэба было. Калi гэтая iстота не мае тэлепатычных здольнасцей, спроба асуджана на няўдачу. Але Карсану здалося, што такiя здольнасцi ў Прышэльца ёсць. Ва ўсякiм разе, ён пасылаў вакол сябе амаль адчувальную хвалю адчування - адчування нянавiсцi. А калi гэтак, то, мабыць, ён зможа i чытаць думкi.



8 из 28