Над iмi распасцiралася неба, усеянае зоркамi, а ўнiзе вiднелiся дахi горада. Камiнар i пастушка азiралiся па баках, гледзячы на гэты вялiзны свет. Бедная пастушка раней нават не ўяўляла сабе, што ён такi; яна палажыла галоўку на плячо камiнару ды так заплакала, што пазалота пасыпалася з яе карсажу.

- Не, гэта ўжо занадта! Я не ў сiлах жыць тут! Свет празмерна вялiкi! усклiкнула яна. - Ах, калi б зноў апынуцца на нашым падлюстэрнiку! Не супакоюся, пакуль не вярнуся назад. Я ж пайшла з табою на ўскрай свету, а цяпер i ты мог бы праводзiць мяне дадому, калi хоць трошачкi кахаеш!

Тады камiнар пачаў яе ўгаворваць i нагадаў пра старога кiтайца i пра казланогага обер-унтэр-генерал-капiтан-сяржанта. Але пастушка плакала так горка, яна так цалавала свайго любага камiнара, што яму заставалася толькi саступiць ёй, хаця гэта i было неразумна.

З вялiкай цяжкасцю спусцiўшыся па комiне, яны зноў узялiся паўсцi па дымаходзе ўнiз i нарэшце дабралiся да топкi, дзе было вельмi цёмна; падышоўшы да зачыненых пячных дзверцаў, яны прыслухалiся да таго, што робiцца ў пакоi. Там было зусiм цiха. Яны выглянулi з печкi i... о жах! - на самай сярэдзiне пакоя, на падлозе, стаяў стары кiтаец. Аказваецца ён, калi пагнаўся за ўцекачамi, упаў з падлюстэрнiка i разбiўся на тры часткi, - спiна ў яго адкалолася цалкам, а галава адкацiлася ў кут. Але казланогi обер-унтэр-генерал-капiтан-сяржант стаяў на ранейшым месцы ды раздумваў над тым, што здарылася.

- О, якi жах! - усклiкнула маленькая пастушка. - Мой старэнькi дзядуля разбiўся, i ўсё праз нас. Гэтага я не змагу перажыць! - i яна ў адчаi заламiла свае маленечкiя ручкi.

- Яго яшчэ можна адрамантаваць, i адрамантаваць выдатна! - заўважыў камiнар. - А ты не бядуй гэтак. Варта толькi намазаць яму спiну клеем, а ў горла ўставiць вялiкую планку, i ён будзе зусiм як новы; чаго добрага, нагаворыць яшчэ процьму непрыемных слоў.



25 из 294