У гэту пасцель i паклалi прынцэсу на ноч.

Ранiцай у яе спыталi, як яна адпачывала.

- Ах, вельмi кепска! - сказала прынцэса. - Я нават вачэй не звяла. Бог ведае што ў мяне была за пасцель. Я ляжала на нечым такiм цвёрдым, што ўсё маё цела цяпер у сiняках. Жудасна!

Тут усе i зразумелi, што яна была сапраўднай прынцэсай. Адчула гарошыну праз сорак матрацаў i пярын! Такой далiкатнай асобай магла быць толькi сапраўдная прынцэса.

I прынц ажанiўся на ёй. Цяпер ён быў перакананы, што бярэ сапраўдную прынцэсу.

А гарошыну здалi ў музей. Яна мо i цяпер там ляжыць, калi хто не ўкраў яе.

Ведай, гэта гiсторыя - чыстая праўда!

ГОЛЫ КАРОЛЬ

Даўным-даўно жыў-быў на свеце кароль. Ён так любiў прыбiрацца, што трацiў на новую адзежу ўсе свае грошы. Парады, тэатры, загарадныя прагулкi яго цiкавiлi толькi тым, што можна было лiшнi раз паказацца ў новым уборы. На кожную гадзiну дня быў у яго асобны ўбор.

У сталiцы таго караля жылося вельмi весела. Амаль штодня туды наведвалiся замежныя госцi.

I вось аднаго разу прыехалi два ашуканцы. Яны выдалi сябе за ткачоў i сказалi, што могуць вырабiць такую цудоўную тканiну, якой не ведаў яшчэ свет. Нiбыта яна, апроч незвычайных малюнкаў i расфарбовак, робiцца нябачнай для кожнага, хто не на сваiм месцы альбо безнадзейна дурны.

Каралю спадабалася прапанова ашуканцаў. Ён прыняў iх, даў багата грошай, загадаў тут жа ўзяцца за справу. Падумаў кароль: "Вось гэта будзе ўбор! Адразу даведаюся, хто з маiх саноўнiкаў не на сваiм месцы, хто з iх разумны, а хто дурань".

Самазванцы-майстры паставiлi два ткацкiя станкi i пачалi рабiць выгляд, што руплiва працуюць. А на станках, каб вы ведалi, нiякай пражы не было. Хаця яны i патрабавалi для працы найтанчэйшага шоўку i найчысцейшага золата. Усё гэта хавалi ў кiшэнi, а самi праседжвалi за пустымi станкамi зранку да ночы.



27 из 294