
- О, вельмi, вельмi мiла! - сказаў урэшце кароль. - Я ўхваляю!..
I ён задаволена пахiтваў галавой, разглядваючы пустыя станкi. Не хацеў прызнацца, што не бачыць таго, што бачаць яго мiнiстры.
Тут ужо i свiта караля ў адзiн голас пачала паўтараць:
- Вельмi, вельмi мiла!.. Зрабiце, ваша вялiкасць, з гэтай тканiны касцюм для блiжэйшай урачыстай працэсii.
Усе былi ў такiм захапленнi, што кароль раздобрыўся i ўзнагародзiў ашуканцаў рыцарскiмi крыжамi i надаў iм званне прыдворных ткачоў.
Усю ноч напярэдаднi ўрачыстасцi прасядзелi ашуканцы ў майстэрнi. Спалiлi больш за шаснаццаць свечак. Усе верылi, што ткачы рыхтуюць новае адзенне каралю.
Урэшце яны аб'явiлi:
- Гатова!
Кароль у суправаджэннi свiты сам завiтаў у майстэрню. Ашуканцы прадставiлi яму нябачны ўбор, хлуслiва прыгаворвалi:
- Вось гэта - штаны!.. Гэта - камiзэлька!.. А во - кафтан!.. Усё - цуд!.. Лёгкае, што павуцiнка, i не адчуеце на целе!.. У гэтым i хараство!..
- Так, так! - паўтаралi прыдворныя, хаця нiчога не бачылi i бачыць не маглi.
- А цяпер, ваша каралеўская вялiкасць, зрабiце ласку, скiньце з сябе ўсе адзёжкi i станьце перад вялiкiм люстэркам. Мы адзенем вас!
Кароль раздзеўся дагала. Ашуканцы ўзялiся прыбiраць яго. Рабiлi выгляд, нiбыта адзяюць на яго каралеўскую мантыю. Быццам нешта прымацоўвалi ў плячах, на талii. А кароль паварочваўся перад люстэркам ва ўсе бакi.
- Божа, як усё падыходзiць!.. Як цудоўна сядзiць на каралю новы ўбор!.. шапталiся прыдворныя, нiхто не асмельваўся сказаць праўду.
У такiм новым адзеннi кароль выйшаў на вулiцу. Камергеры, якiя заўсёды насiлi шлейф каралеўскай мантыi, i цяпер як бы неслi яе. Усе людзi, як убачылi караля, наперабой загаварылi:
- Ах, якое прыгожае новае адзенне ў караля! Як добра сядзiць на iм! Якая шыкоўная мантыя!
