
- Прывiтанне! - сказаў салдат i казырнуў, быццам ён стаяў перад генералам.
Доўга валаводзiцца ён, вядома, не мог. Схапiў сабаку ў ахапак, пасадзiў яго на ведзьмiн фартух, а сам адчынiў куфар. Божухна, колькi ў iм было золата! За гэта золата можна было купiць цалкам вялiкi горад, усе цацкi, усiх алавяных салдацiкаў, усiх драўляных коней, усе пернiкi, што ёсць у свеце. На ўсё хапiла б.
Тут салдат павыкiдаў з кiшэняў i ранца срэбраныя грошы i дзвюма рукамi пачаў выбiраць з куфра золата. Бiтком набiў золатам кiшэнi, ранец, шапку, нават боты. Столькi набраў золата, што ледзь-ледзь скрануўся з месца. Цяпер ён быў багаты!
Пасадзiў ён сабаку на куфар, зачынiў дзверы i закрычаў:
- Гэй, цягнi мяне наверх, старая ведзьма!
- А крэсiва маё ты забраў? - спытала ведзьма.
- А лiха ж ты лiхое, зусiм забыўся пра тваё крэсiва! - сказаў салдат.
Пайшоў ён назад, знайшоў ведзьмiна крэсiва i схаваў у кiшэнi.
- Ну, цягнi! Знайшоў тваё крэсiва! - крыкнуў ён ведзьме.
Ведзьма пацягнула вяроўку i падняла салдата наверх. I апынуўся салдат зноў на вялiкай дарозе.
- Ну, аддавай мне крэсiва! - сказала ведзьма.
- А навошта, ведзьма, табе гэтае крэсiва? - спытаў салдат.
- Навошта табе ведаць! - сказала ведзьма. - Ты ж атрымаў грошы. Аддавай мне крэсiва!
- Чакай! - сказаў салдат. - Зараз жа гавары, навошта табе крэсiва, а не скажаш, дык я табе сваёй шабляй галаву адсяку.
- Не скажу! - заўпарцiлася ведзьма.
Тады салдат схапiў шаблю i адсек ведзьме галаву. Грымнулася ведзьма вобзем, тут i сканала. А салдат завязаў усе свае грошы ў ведзьмiн фартух у клетачку, ускiнуў ношу на плечы i накiраваўся проста ў горад.
Горад быў вялiкi i багаты. Салдат пайшоў у самы вялiкi гатэль, заняў там самыя лепшыя пакоi i загадаў прынесцi самыя смачныя стравы - цяпер жа ён быў панам.
