
- Але, я кажу аб гэтых новых раманах, якiх столькi цяпер выходзiць.
- О, яны вельмi дасцiпныя i карыстаюцца поспехам пры двары, - усмiхнуўся бакалаўр. - Кароль асаблiва любiць раманы аб Iфвенце i Гаўдзiяне, у якiх расказваецца аб каралi Артуры i рыцарах Круглага стала, i нават дазволiў жартаваць па гэтай прычыне са сваiмi наблiжанымi*.
* Славуты дацкi пiсьменнiк Хольберг расказвае ў сваёй "Гiсторы Дацкай дзяржавы", што, прачытаўшы раман аб рыцарах Круглага стала, кароль Ганс аднойчы сказаў жартам свайму наблiжанаму Ота Руду, якога вельмi любiў: "Гэтыя паны Iфвент i Гаўдзiян, аб якiх гаворыцца ў гэтай кнiзе, былi выдатныя рыцары. Такiх цяпер больш не сустрэнеш". На што Ота Руд адказаў: "Калi б цяпер сустракалiся такiя каралi, як кароль Артур, то, напэўна, знайшлося б нямала такiх рыцараў, як Iфвент i Гаўдзiян".
- Гэтых раманаў я яшчэ не чытаў, - сказаў саветнiк юстыцыi. - Напэўна, гэта Хейберг што-небудзь новае выпусцiў?
- Не, што вы, не Хейберг, а Готфрэд фон Гемен, - адказаў бакалаўр.
- Дык вось хто аўтар! - усклiкнуў саветнiк. - Якое старажытнае iмя? Гэта ж наш першы дацкi кнiгадрукар, цi не так?
- Але, ён наш першадрукар! - пацвердзiў багаслоў.
Такiм чынам, пакуль што ўсё iшло цудоўна. Калi адзiн з гараджан загаварыў аб чуме, якая лютавала тут некалькi гадоў назад, а iменна ў 1484 годзе, саветнiк падумаў, што гаворка iдзе аб нядаўняй эпiдэмii халеры, i размова паспяхова працягвалася. А пасля як было не згадаць закончаную зусiм нядаўна пiрацкую вайну 1490 года, калi ангельскiя каперы захапiлi дацкiя караблi, што стаялi на рэйдзе. Тут саветнiк, успомнiўшы аб падзеях 1801 года, ахвотна далучыў свой голас да агульных нападак на ангельцаў. Але далей размова штосьцi перастала ладзiцца i ўсё часцей перапынялася магiльнай цiшынёй. Добры бакалаўр быў вельмi ўжо недаверлiвы: самыя простыя меркаваннi саветнiка здавалiся яму чымсьцi незвычайна смелым i фантастычным. Субяседнiкi глядзелi адзiн на аднаго з усё ўзрастаючым здзiўленнем, i калi нарэшце канчаткова перасталi разумець адзiн аднаго, бакалаўр, спрабуючы паправiць справу, загаварыў на латынi, але гэта мала дапамагло.
