
I цiхутка пастукаўшы ў дзверы, Разалi сказала:
- Хто вы, i што я магу дзеля вас зрабiць?
- Адамкнiце мяне, Разалi. Злiтуйцеся, адамкнiце.
- Але чаму вас пасадзiлi пад замок? Цi не ўчынiлi вы якога зладзейства?
- Што вы, не-не, Разалi. Мяне трымае тут адзiн чарадзей. I калi вы мяне ўратуеце, я ў падзяку за гэта раскажу вам пра сябе ўсю праўду.
Усе ваганнi ў Разалi знiклi, i цiкаўнасць перамагла яе паслухмянасць яна ўсунула ключык у замок... Але рукi ў яе так дрыжалi, што яна не магла адчынiць дзверы. Яна была гатовая ўжо ўсё кiнуць, калi танюткi галасок сказаў:
- Разалi, тое, што я вам раскажу, навучыць вас вельмi многаму i такому, што вас вельмi цiкавiць; ваш бацька зусiм не такi, якiм ён здаецца.
Пачуўшы гэта, Разалi з астатняе сiлы налегла на ключык. Ключык павярнуўся, i дзверы адчынiлiся.
Глава 2
Мярзотная варажбiтка
Разалi прагна ўтаропiла вочы, але ў хатцы было цёмна, i яна нiчога не магла разгледзець. А са змроку да яе зноў даляцеў танюткi голас, якi сказаў:
- Дзякуй, Разалi, я абавязаная табе сваёю свабодай.
Голас, здаецца, iшоў ад зямлi. Разалi зiрнула долу i заўважыла ў куце пару блiскучых маленькiх вачэй, якiя глядзелi на яе з насмешкай.
- Удалася такi мая хiтрасць, - сказаў танюткi голас, - ты паддалася сваёй цiкаўнасцi. Каб я не спявала ды маўчала, ты, напэўна, вярнулася б назад i мне быў бы канец. Але цяпер, калi ты мяне вызвалiла, - i ты, i твой бацька, вы абое будзеце ў маёй уладзе.
Разалi яшчэ не разумела ўсяго няшчасця, якое ўтварыла сваiм непаслушэнствам. Але яна здагадалася, што перад ёй нейкi вельмi небяспечны вораг. Менавiта таму яе бацька трымаў яго пад замком. Яна хацела хутчэй выйсцi з хаткi i зачынiць за сабою дзверы, але танюткi голас крыкнуў:
- Стой, Разалi, цяпер ты ўжо не здольная трымаць мяне ў гэтым брыдкiм вязеннi. Я нiколi з яго не выбралася б, каб табе споўнiлася пятнаццаць гадоў.
У тое ж iмгненне хатка знiкла, i ў руках у перапалоханай Разалi застаўся толькi маленькi ключык. Яна ўбачыла перад сабой шэрую Мыш, якая глядзела на дзяўчынку сваiмi блiскучымi вочкамi i смяялася танюткiм траскучым галаском.
