- Хi-хi-хi! Якая ты спалоханая, Разалi! Далiбог, мне вельмi смешна на цябе глядзець. Якая ты малайчына, што была такая цiкаўная! Ужо амаль пятнаццаць гадоў я сядзела ў гэтым брыдкiм вязеннi i не магла зрабiць нiчога кепскага твайму ненавiснаму бацьку i табе. А цябе я таксама ненавiджу, бо ты ягоная дачка!

- Але хто вы, злосная Мыш?

- Я вораг тваёй сям'i, мая любачка! Мяне завуць Мярзотная варажбiтка, i можаш паверыць, мне нездарма дадзена такое iмя. Усе ненавiдзяць мяне, i я ненавiджу ўсiх. I цяпер, Разалi, я буду хадзiць за табой паўсюль.

- Адчапiцеся ад мяне, мярзотная Мыш! - крыкнула Разалi. - Вы ўсё роўна мяне не спалохаеце. I я ўжо як-небудзь прыдумаю, як ад вас пазбавiцца.

- Гэта мы пабачым, мая любачка! Куды б ты не пайшла, я не адстану ад цябе нi на крок.

Разалi кiнулася да дома, але кожны раз, азiраючыся, бачыла, што Мыш подскакам бяжыць следам i толькi кплiва пасмейваецца. Калi дзяўчынка дабегла да дома, яна хацела раздушыць Мыш дзвярмi, але колькi яна нi старалася, дзверы не зачынялiся, i Мыш спакойна ўвайшла ў дом.

- Ах ты нягоднiца! - сярдзiта i спалохана крыкнула Разалi. - Ну, пачакай!

Яна схапiла дзяркач i хацела была моцна выцяць iм Мыш, але дзяркач раптам успыхнуў i апалiў ёй рукi. Дзяўчынка выранiла яго i ледзьве паспела адкiнуць нагой у камiн, каб не загарэўся ўвесь дом. Тады яна зняла з агня поўны вару кацёл i выкулiла яго на Мыш. Але кiпень ператварыўся ў смачнае свежае малако, i Мыш пачала яго хлябтаць, прыгаворваючы:

- Якая ты добрая, Разалi! Мала, што вызвалiла мяне, дык яшчэ так смачна частуеш!

Бедная Разалi горка заплакала. Яна зусiм не ведала, што рабiць, калi раптам пачула бацькавы крокi.

- Гэта мой бацька вяртаецца, - спалохана сказала яна. - О, Мыш, калi ласка, злiтуйся, пайдзi адсюль куды-небудзь, каб мой бацька цябе не бачыў!



5 из 66