
Калi Гензель i Грэтэль падыходзiлi да яе хацiны, яна злосна зарагатала i пацерла рукi з ухмылкаю:
- Вось яны i мае! Цяпер ужо iм адгэтуль не ўцячы!
Рана-ранiчкай, калi дзецi яшчэ спалi, яна паднялася, зiрнула, як яны спяць спакойна ды якiя ў iх пульхныя i ружовыя шчочкi, i ўсцешылася: "Будзе-будзе для мяне смачны сняданак!"
Яна схапiла Гензеля сваёй кастлявай рукою, занесла яго ў хлеў, а пасля замкнула за сабой дзверы з жалезнымi кратамi - няхай лемантуе колькi хоча, нiшто яму не паможа. Затым пайшла яна да Грэтэль, раскатурхала яе, пабудзiла i кажа:
- Падымайся, гультайка, ды прынясi мне вады, згатуй свайму брату што-небудзь смачнае, - вунь сядзiць ён у хляве, няхай сыцее i гладзее. А калi распаўнее, я яго з'ем.
Залiлася Грэтэль горкiмi слязьмi, але - што рабiць? - давялося ёй рабiць тое, што загадала злая ведзьма.
I вось былi згатаваныя для Гензеля самыя смачныя стравы, а Грэтэль засталiся толькi адны недаедкi.
Кожную ранiцу падыходзiла старая да маленькага хлява i гаварыла:
- Гензель, пакажы мне свае пальцы, я хачу ўбачыць, цi даволi ты папаўнеў.
Але Гензель падымаў костачку, i старая, якая слаба бачыла, не магла разгледзець, што гэта такое, i думала, што гэта Гензелевы пальцы, i здзiўлялася, чаму гэта ён зусiм не правiцца.
Так мiнула чатыры тыднi, але Гензель усё яшчэ быў худы, - тут старая страцiла ўсякую цярплiваць i чакаць больш не захацела.
- Эй, Грэтэль, - крыкнула яна дзяўчынцы, - варушыся жвавей, прынясi вады: усё роўна - цi тлусты Гензель, цi сухарэбры, а ўжо заўтра ранiцай я яго закалю i згатую.
Ой як бедавала няшчасная сястрычка, калi давялося ёй цягаць ваду, як цяклi ў яе слёзы струменямi па шчоках!
- Божа, ды памажы ж ты нам! - усклiкнула яна. - Лепш бы нас разарвалi дзiкiя звяры ў лесе, тады хоць бы загiнулi мы разам.
- Ну, годзе ныць! - закрычала старая. - Цяпер табе нiхто не паможа.
